прыве́тлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прыветлівага. Прыветлівасць абыходжання. Прыветлівасць усмешкі. // Добразычлівасць, гасціннасць; ветлівыя адносіны. Саша не верыла гэтай прыветлівасці, усмешкам і хавалася за Даніка. Шамякін.
прыве́тлівы, ‑ая, ‑ае.
Добразычлівы, гасцінны; ветлівы. Крышачку ўзрушаныя, узаемна прыветлівыя, настаўнікі жартамі сустракалі кожнага свайго калегу. Шамякін. // Які выяўляе добразычлівасць, гасціннасць. Прыветлівая ўсмешка. Прыветлівыя словы. □ Малады настаўнік з прыветлівым тварам і вясёлым, добрым смехам адразу спадабаўся Міхасю. Колас. // перан. Які прыцягвае, вабіць да сябе. Святлом прыветлівым, знаёмым [агні інтэрната] Мігаюць, вабячы здалёк. Гілевіч.
прыве́тны, ‑ая.
Тое, што і прыветлівы. Сухенькая, тоненькая, як былінка, .. але якая прыветная і ласкавая была гэтая бабулька! Чарнышэвіч. Нават гэты пануры лес крыху праясніўся і меў больш прыветны выгляд. Колас. Вось і школа. У знаёмым акне гарыць прыветны агеньчык. Зарэцкі.
прыве́ціць, ‑вечу, ‑веціш, ‑веціць; зак., каго-што.
Уст. Разм. Прыязна, ласкава сустрэць каго‑н., аднесціся да каго‑н. Людзі тут сустрэнуць і прывецяць, Бо не горш, як іншыя, жывуць. Аўрамчык. Бабулька шчыра перажывае, што сама ў гасцях, што не можа прывеціць .. незнаёмага чалавека. Сіпакоў. Я кажу: «Ты даўно на прыкмеце, Мая хата багата і маці прывеціць». Панчанка. // Даць прытулак каму‑н. Не заходзячы ў хату, Ты ведаеш добра наперад, Як цябе тут прывецяць. Кляўко. Цётка Хіма, здаецца, не ведала, дзе пасадзіць Галю з Вадзімкам, што ім даць есці, чым іх прывеціць. Сабаленка.
прыве́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прывесіць.
прыве́шванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывешваць — прывесіць.
прыве́швацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прывешваць.
прыве́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прывесіць.
прывёрствацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прывёрстваць.