прыбыццё, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. прыбываць — прыбыць (у 1 знач.).
прыбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; пр. прыбыў, ‑была, ‑было; заг. прыбудзь; зак.
1. Прыйсці, прыехаць куды‑н. Цягнік прыбыў своечасова. □ Інспектар паведамляў, калі і дзе назначаюцца экзамены, куды настаўнік павінен прыбыць са сваімі вучнямі. Колас. Ужо цямнела, калі Косця са сваім фанерным куфэркам прыбыў у інтэрнат. Карпюк. // Паступіць, быць дастаўленым куды‑н. (пра груз і пад.). — Якраз прыбылі дэталі магутнага земснарада, трэба паглядзець, як ідзе мантаж. Дадзіёмаў.
2. Павялічыцца, прыбавіцца (колькасна, у аб’ёме, велічыні і пад.). Вада прыбыла ў рэчцы. □ На хаду прычэсваючы валасы, са спальні выйшла маці. — На цэлы кілаграм прыбыла, — паказала яна на малую. Арабей. / у безас. ужыв. [Кавальчук:] — У цябе пойдуць справы яшчэ лепш, калі людзей у «Перамозе» прыбудзе. Паслядовіч. У Жыздрыцы за гэты час камсамольцаў прыбыло. Яшчэ запісаўся Арсей Анцішэўчык. Калюга. // З’явіцца ў дадатак да чаго‑н.; дабавіцца. Палічыў — прыбыў сучок адзін У ласіным кусце, між галін. Бялевіч.
•••
Не адбудзе, не прыбудзе гл. адбыць.
У нашым палку прыбыло — нас стала больш, такіх, як мы, стала больш.
прыбяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыбегчы.
прыбядня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
Прыкідвацца бедным, менш забяспечаным, чым у сапраўднасці. — Ат, швагер, не прыбядняйся, — прамовіў Карусь Дзівак. — Кавалак хлеба і да хлеба ты маеш, а што больш трэба? С. Александровіч. Потым Марцініха так пачала прыбядняцца, што выходзіла: дапамагаць трэба не сям’і Враніслава, а сям’і Марцінавай. Карпюк. // Перамяншаць свае заслугі, магчымасці і пад. — Вы ўжо, Стась, не прыбядняйцеся. Вы б і за Зеўса маглі сысці, — сказала Галя. Сабаленка. — Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Мележ.
прыбядня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
Перамяншаць чые‑н. заслугі, вартасці, магчымасці і пад. — Ну, ты ўжо занадта прыбядняеш наш раён, — пакінуліся на Жэньку другія рабяты. Зуб. Тут [у крытычным аглядзе] правільна ацэнена сіла ўздзеяння «Адвечнай песні», не прыбядняе Багдановіч і змест яе, калі ставіць паэму ў адзін рад з «Жалейкай». Лойка.
прыбялі́ць, ‑бялю, ‑беліш, ‑баліць; зак., што.
Разм. Трохі забяліць, закрасіць вадкую страву смятанай або малаком. Прыбяліць боршч.
прыбянтэ́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Разм. Трохі, злёгку збянтэжыцца. Гушка крыху прыбянтэжыўся, убачыўшы прыстава: гэтакага начальства гэтак блізка бачыць ён не спадзяваўся, калі ішоў сюды. Чорны.
прыбярэ́жжа, ‑а, н.
Прыбярэжная паласа зямлі. І, нягледзячы на тое, што час для купання быў заранні,.. настаўнікі з вялікай прыемнасцю выкупаліся, папесціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа. Колас.
прыбярэ́жны, ‑ая, ‑ае.
Які размяшчаецца, знаходзіцца каля берага, уздоўж берага. Прыбярэжная расліннасць. Прыбярэжная вёска. □ Хвалі беглі на бераг, злізвалі прыбярэжную пену, шумавінне, усплёскамі кідаліся на жоўты пясок. Лынькоў. У прыбярэжных кустах, у парку, у зарасніках лазняку шчабятала птаства. Чарнышэвіч.
прыва́ба, ‑ы, ж.
Тое, што прываблівае, прыцягвае да сябе; прывабнасць. І на постаць ад іншых не горшая ты, і чаруеш прывабаю нейкай... Дубоўка.