прыбуксі́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыбуксіраваць.
прыбуксі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Даставіць, прывесці куды‑н. на буксіры. Прыбуксіраваць судна да берага. □ — Пайду да старшага інжынера, — сказаў .. [Макараў], убачыўшы, што яго самалёт ужо прыбуксіравалі на стаянкі эскадрыллі. Алешка.
прыбуцве́лы, ‑ая, ‑ае.
Які трохі збуцвеў, струхлеў. Падышоў Патапавіч да акна, абапёрся локцямі на прыбуцвелы падаконнік. Кулакоўскі.
прыбуцве́ць, ‑ее; зак.
Трохі, не да канца збуцвець, струхлець. Дошкі прыбуцвелі. □ Аполачак гэты ўжо трохі прыбуцвеў. Кулакоўскі.
прыбыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыбываць — прыбыць.
прыбыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыбыць.
прыбы́так, ‑тку, м.
1. Сума, на якую даход перавышае выдаткі; грашовы даход. Чысты прыбытак. Валавы прыбытак. // Спец. Даход капіталістаў, крыніцай якога з’яўляецца прыбавачная вартасць. Максімальны прыбытак. Прыбыткі манаполій. // Спец. Даход дзяржаўных прадпрыемстваў у сацыялістычным грамадстве, які атрымліваецца ў выніку павышэння прадукцыйнасці працы. Прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Адлічэнне прыбыткаў.
2. Даход, які атрымліваецца ад якога‑н. роду заняткаў, дзейнасці і пад. Пан Кудзілоўскі лічыў, хата сады даюць больш прыбытку, чым збожжа, і збожжа зусім не сеяў. Хомчанка. — Але хіба кіраўніцтва завода не ведае без вашых табліц і лічбаў на некалькіх старонках, што пераабсталяванне цэха дало б вялікія прыбыткі заводу? Арабей. Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч.
3. Разм. Карысць, выгада. [Міхал:] — А што за шчасце тут, спытаем? Які прыбытак мы тут маем? Колас.
4. Разм. Пра з’яўленне патомства (у сям’і, гаспадарцы і пад.). Жадаем яшчэ вам Прыбытку ў хаце, Ні мала, ні многа — Штогод па дзіцяці. Русак. Рамізнік сядзіць на козлах і ўсміхаецца, гледзячы, як я нясу на руках дзіця. — З прыбыткам вас, — кажа ён. Сабаленка. Конюху дзядзьку Мікалаю не было каму ў тую часіну пахваліцца і свежай навіной і жаданым прыбыткам на сваёй канюшні. Якімовіч.
прыбытко́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць прыбытковага. Павышэнне прыбытковасці прадпрыемства.
прыбытко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да прыбытку, з’яўляецца прыбыткам. Прыбытковыя працэнты. Прыбытковыя грошы.
2. Які дае, прыносіць прыбытак; даходны, выгадны. Прыбытковая справа. Прыбытковая галіна гаспадаркі. Прыбытковае прадпрыемства.
прыбы́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і прыбытковы (у 2 знач.). Пісаў яму Уласюк. «Паважаны дзядзька Андрэй! Калі Вы не маеце дужа прыбытных заробкаў, дык прыязджайце да нас: работа для Вас знойдзецца». Колас.