трыво́жна,
1. Прысл. да трывожны (у 1, 3 знач.).
2. безас. у знач. вык., звычайна каму-чаму. Пра пачуццё трывогі, зведанае кім‑, чым‑н. Гарматы, прыціхшы на нейкі час, зноў грымелі грозна і страшна... На душы было неспакойна, трывожна. Колас. Трывожна мне... Але й салодка мне! Я сэнсам напаўняю кожны рух, Агонь вачэй І палахлівасць рук. Тармола.
3. безас. у знач. вык. Пра стан небяспекі, трывогі, які пануе дзе‑н. На вайне заўсёды трывожна.
трыво́жнасць, ‑і, ж.
Стан трывожнага. Усё ж трывожнасць тачыла душу [Глушака]. Хацелася штосьці рабіць, чыніць штосьці такое, каб пагроза бяды адышла, прапала зусім. Мележ.
трыво́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да трывогі (у 1 знач.), поўны трывогі, неспакою, хвалявання. Трывожныя думкі. Трывожны сон. Трывожная ноч. □ Слаўце ж заўсёды Імкненні трывожныя, Што падрыхтоўваюць смелы палёт. Кірэенка. // Які выклікае трывогу, неспакой. Трывожныя чуткі. □ За хвіліну ўвесь лагер абляцела трывожная вестка: з рэчкі не вярнуліся Ціма і Валодзя, піянеры другога атрада. Пальчэўскі. У хату ўваліўся .. друг [Дзям’яна] Тодар Касцецкі — загадчык свінафермы. Ён прынёс трывожную навіну. Дуброўскі. // Які выражае трывогу. Трывожны погляд. □ Глядзім на ўсё трывожнымі вачыма, Аж шалясціць ад позірку лісцё. Камейша.
2. Схільны да трывогі, неспакойны (пра чалавека). Мікола апошні час стаў трывожным: з дня на дзень чакаў перагляду сваёй справы. Машара. [Феня] ішла па бальнічным калідоры, уся сцішаная, трывожная, са страхам адчыніла дзверы ў палату. Арабей.
3. Небяспечны. Час быў трывожны, і музыка гучала неяк дзіка і недарэчна. Няхай. Неспакойная, трывожная служба ў Міхаськавага бацькі. Хомчанка. // Які паведамляе пра небяспеку. Трывожны сігнал. Трывожны гудок.
трыво́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
Прыходзіць у стан трывогі, моцнага душэўнага хвалявання, турбавацца, хвалявацца. Трывожыцца Аленка: «Ці здолееш ты, Сцёпачка, да канца работу давесці?» — думае яна. Колас. Набліжалася зіма, і Аляксей Фаміч трывожыўся, каб паспець скончыць палявыя работы. Дуброўскі. Відаць было, як трывожыўся бусел: ён тупаў па краёчку з падветранага боку і прыціскаў галінкі да сцяны. Пальчэўскі.
трыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., каго-што.
1. Выклікаць трывогу; прыводзяць у стан неспакою. [Надзі] было шкада бацькі, яе трывожыла яго слабае здароўе, што пагаршалася з кожным днём. Шахавец. Сесія не палохала мяне [Стэфу] і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. [Сцяпан:] — Мяне асабіста ў першую чаргу трывожыла жніво. Пянкрат. // Парушаць душэўную раўнавагу, хваляваць. Толькі чый гэта, чый гэта погляд Так трывожыць зараз мяне? Азірнуўся — і рыфмы загл[у]хлі: Пекнай пані партрэт на сцяне. Панчанка.
2. Парушаць спакой каго‑, чаго‑н., турбаваць. Цэлы дзень загадчыка трывожылі наведвальнікі. □ Не будзіце, матулі, дачок закаханых, Не трывожце іх светлыя сны. Сняцца ім у рамонкавым звоне паляны, Сняцца зоры на вейках вясны. Жычка. [Тарас:] — Жонку трывожыць не хочацца, яна там працуе, робіць сваю справу. Мікуліч. / Пра вецер, сонца і пад. Звінеў ад жаўранкаў абшар І вецер поля не трывожыў. Астрэйка. // перан. Бударажыць мінулае, перажытае. Толькі навошта трывожыць нядобрыя ўспаміны. Шахавец. А навошта трывожыць ім боль, — Родны іх пахаваны, — Сыпаць горкую соль Успамінаў на свежыя раны? Куляшоў.
3. Раздражняць, раз’ятрываць. Трывожыць рану.
трывуго́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Даўней — трохвугольная форменная шапка.
трыву́шчы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Вынослівы, вельмі трывалы. Чалавек вельмі трывушчы, шмат чаго можа перажыць. Місько.
трыганаметры́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да трыганаметрыі, заснаваны на трыганаметрыі. Трыганаметрычнае ўраўненне. Трыганамегрычная табліца. Трыганаметрычная функцыя.
2. Звязаны з геадэзічнымі вымярэннямі, якія выконваюцца метадам трыянгуляцыі (у 2 знач.). Трыганаметрычны пункт.
трыганаме́трыя, ‑і, ж.
Раздзел геаметрыі, які вывучае суадносіны паміж старанамі і вугламі трохвугольніка.
[Ад грэч. trigonon — трохвугольнік і metreō — вымяраю.]