трыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., каго-што.

1. Выклікаць трывогу; прыводзяць у стан неспакою. [Надзі] было шкада бацькі, яе трывожыла яго слабае здароўе, што пагаршалася з кожным днём. Шахавец. Сесія не палохала мяне [Стэфу] і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. [Сцяпан:] — Мяне асабіста ў першую чаргу трывожыла жніво. Пянкрат. // Парушаць душэўную раўнавагу, хваляваць. Толькі чый гэта, чый гэта погляд Так трывожыць зараз мяне? Азірнуўся — і рыфмы загл[у]хлі: Пекнай пані партрэт на сцяне. Панчанка.

2. Парушаць спакой каго‑, чаго‑н., турбаваць. Цэлы дзень загадчыка трывожылі наведвальнікі. □ Не будзіце, матулі, дачок закаханых, Не трывожце іх светлыя сны. Сняцца ім у рамонкавым звоне паляны, Сняцца зоры на вейках вясны. Жычка. [Тарас:] — Жонку трывожыць не хочацца, яна там працуе, робіць сваю справу. Мікуліч. / Пра вецер, сонца і пад. Звінеў ад жаўранкаў абшар І вецер поля не трывожыў. Астрэйка. // перан. Бударажыць мінулае, перажытае. Толькі навошта трывожыць нядобрыя ўспаміны. Шахавец. А навошта трывожыць ім боль, — Родны іх пахаваны, — Сыпаць горкую соль Успамінаў на свежыя раны? Куляшоў.

3. Раздражняць, раз’ятрываць. Трывожыць рану.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)