прашыбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак.
Разм. Хутка прайсці, праехаць. Уздымаючы клубы пылу, міма прашыбаваў грузавік. Асіпенка. Ці яму здалося, ці хто сапраўды прашыбаваў па вуліцы. Ус.
прашыва́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца прашываннем, прашыўкай. Прашывальшчык падэшваў.
прашыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. прашываць — прашыць (у 1–3 знач.).
прашыва́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да прашываць.
прашыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прашыць (у 1–3 знач.).
прашы́вачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для прашыўкі. Прашывачны цэх. Прашывачны матэрыял.
прашы́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Патраціць усе грошы; разарыцца.
прашыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Шыпець некаторы час. Валодзя, як дамовіўся з Сяргеевым, двойчы прашыпеў, нібы цецярук на таку: «Чу-у-у-у-шы-ы-ы...» Федасеенка. // што і без дап. Сказаць што‑н. шыпячым голасам. — Што, баішся заходзіць? Сорамна? — не сказала, а прашыпела Галіна. Шамякін.
прашы́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прашыць.