праяві́цель, ‑ю, м.
Спец. Водны раствор хімічнага рэчыва, які ўжываецца для ператварэння нябачнага адлюстравання на плёнцы, пласцінцы ў бачнае.
праяві́цца, ‑явіцца; зак.
1. Стаць прыкметным, выявіцца (аб якіх‑н. якасцях, уласцівасцях). Ужо з дзяцінства ў Марыны праявіліся музычныя здольнасці. Васілевіч. [Тарас:] Вельмі прыемна, што ў Андрэя праявіўся талент артыста. Гурскі.
2. Спец. Стаць бачным пад уздзеяннем праявіцелю (пра адбітак на плёнцы, пласцінцы).
праяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., што.
1. Выявіць якую‑н. якасць, уласцівасць. Праявіць смеласць. Праявіць ініцыятыву. □ Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка.
2. Спец. Пры дапамозе праявіцелю ператварыць нябачны адбітак на плёнцы, пласцінцы ў бачны. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак.
•••
Праявіць сябе — выявіць свае вартасці ці недахопы, зарэкамендаваць сябе пэўным чынам. Раман і Аляксей думалі, што нарэшце яны змогуць праявіць сябе як героі. Кавалёў.
праяда́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. праядаць — праесці.
праяда́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да праядаць.
праяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да праесці.
праязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да праехаць.
2. Незак. да праездзіць (у 2 знач.).
праязны́, ‑ая, ‑ое.
Які дае права на праезд якім‑н. відам транспарту. Праязны білет.
праясне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які праяснеў, зрабіўся ясным. У праяснелым небе мігалі рэдкія зоркі, бралася на мароз. Сіняўскі. // Які стаў выразным, ясным (пра свядомасць). Гэтыя думкі, толькі больш праяснелыя, апанавалі .. [Барукова] зноў і цяпер, калі ён, змораны сонечным цяплом, пайшоў заснуць. Васілевіч.
праясне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. праясняць — праясніць; стан паводле знач. дзеясл. праяснець і праясняцца — праясніцца. Потым паступова пачало прыходзіць праясненне, супакаенне. Васілевіч. «Першую пяцідзёнку чакаецца воблачнае надвор’е з праясненнямі, тэмпература ад 5 да 15 градусаў цеплыні», — прачытаў Антэк на адной з .. [паперак]. Зуб.