прашы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы; Р мн. ‑шывак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прашываць — прашыць (у 1 знач.).
2. Тое, што і прошва. Як золата, там Узыходзіць зара, такой паэтычнай, З прашыўкаю сіняй. Броўка.
3. Спец. Аперацыя апрацоўкі металу спецыяльным інструментам тыпу працяжкі.
4. Спец. Металарэзны інструмент тыпу працяжкі для апрацоўкі скразных адтулін ці паглыбленняў у метале.
прашыўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Прашыты наскрозь. Прашыўная падэшва.
2. Забяспечаны прашыўкамі (у 2 знач.). Прашыўныя рукавы.
3. Спец. Які прызначаны, служыць для прашыўкі (у 3 знач.). Прашыўны прэс.
прашы́цца, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.
Разм. Прайсці, прабрацца з цяжкасцямі праз які‑н. натоўп; праціснуцца. Ганна прашылася да прылаўка і ўзяла адваяваны хлеб. Гартны.
прашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак.
1. што. Прапускаючы нітку, дратву і пад. праз што‑н., прышыць, сшыць, зашыць. Прашыць падэшвы. // Зрабіць шво на чым‑н., прастрачыць. Прашыць каўнер.
2. што. Спец. Зрабіць скразную адтуліну ў металічнай дэталі.
3. каго-што. Разм. Прастрэліць (у некалькіх, у многіх месцах). Аўтаматычная чарга прашыла нагу Зоі. Няхай. Кулям сэрца лёс не даў прашыць. Лойка. / у безас. ужыв. Сямёну Неляшу, які жыве насупраць Лобіка, партызанскай куляй прашыла грудзі. Навуменка.
4. і без дап. Шыць некаторы час. Прашыць увесь вечар.
прашэ́нне, ‑я, н.
Уст.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прасіць (у 1, 2 знач.).
2. Пісьмовае хадайніцтва аб чым‑н. па афіцыйна ўстаноўленай форме. Падаць прашэнне. □ Назаўтра напісаў Лабановіч прашэнне аб перамяшчэнні і стаў збірацца ў дарогу. Колас.
праэкзаменава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад праэкзаменаваць.
праэкзаменава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак.
Здаць экзамен.
праэкзаменава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго.
1. Прыняць экзамен у каго‑н. Праэкзаменаваць вучняў.
2. і без дап. Экзаменаваць некаторы час.
прая́ва, ‑ы, ж.
1. Незвычайнае здарэнне. «Што за праява?» — падумаў Сяргей і пачуў, як па яго спіне захадзілі мурашкі. Колас. І яшчэ адбылася з Хілімонам адна праява — больш ніхто яго не бачыў у старой пашарпанай ватоўцы. Сабаленка. Нейкі час Хацяноўскі быў сам не свой — заблытала яго гэтая жахлівая і ганебная праява, растрывожыла душу. Кулакоўскі.
2. З’ява, праяўленне. І ўсё ж у вачах стаялі праявы роднай вёскі, малюнкі перажытага. Марціновіч. Гісторыя слова грунтуецца на гістарычных падзеях, на розных праявах жыцця грамадства. Юрэвіч. Вялікі, магутны навакольны свет, поўны прыгажосці і сілы, праяў і падзей. М. Ткачоў.
прая́вачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які прызначаецца, служыць для праяўлення адбіткаў на плёнцы, пласцінцы. Праявачная машына. Праявачныя прыборы.