аняме́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго.
Прымусіць стаць падобным на немца па мове і звычаях.
ао́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.
Галоўная артэрыя ў арганізме пазваночных і чалавека, якая выходзіць з левага жалудачка сэрца і жывіць артэрыяльнай крывёю ўсе органы цела, акрамя лёгкіх.
[Грэч. aorte.]
ао́рыст, ‑а, М ‑сце, м.
Спец. У грэчаскай, стараславянскай і некаторых іншых мовах — адна з форм прошлага часу дзеяслова, якая выражае імгненнасць і закончанасць дзеяння.
[Грэч. aoristos.]
апаве́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апавясціць.
апавіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да апавіцца.
2. Зал. да апавіваць.
апавіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апавіць.
апаві́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апавіць.
апаві́цца, апаўюся, апаўешся, апаўецца; апаўёмся, апаўяцеся; зак.
1. Апавіць сябе чым‑н. Апавіцца шалікам.
2. перан. Пакрыцца з усіх бакоў, ахутацца; заслацца (дымам, туманам). На сцяне партрэт Янкі Купалы ўжо апавіўся змрокам. Пестрак.
апаві́ць, апаўю, апаўеш, апаўе; апаўём, апаўяце; зак., што.
1. Абматаць, абкруціць што‑н. чым‑н. Апавіць галаву стужкай. // Размясціць вакол чаго‑н., абкружыць. Здаецца, недарэчным было да гэтых вочак-васількоў, да льняных кудзеркаў, што вянком апавілі твар яе [Ганнін] белы, браўнінг пры поясе, маленькая карабінка за плячыма, кулямётная стужка цераз плячо... Нікановіч. // Аплесці сабой (аб раслінах).
2. перан. Пакрыць з усіх бакоў, ахугаць; заслаць (дымам, туманам). Лісце алае засыпае роў, Пушчу чорную апавіў туман. Караткевіч. Ціхі ночы спакой усё наўкол апавіў. Гурло. // Ахапіць, абняць (пра пачуцці). Невыразна лёгкі, як дымок, сум апавіў сэрца. Мурашка.
апавяда́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць апавядальнага.