Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

працярпе́ць, ‑цярплю, ‑церпіш, ‑церпіць; зак.

Цярпліва перанесці што‑н.; перацярпець. Працярпець дзень без яды.

працярэ́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад працерабіць.

працярэ́бліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. працярэбліваць — працерабіць.

працярэ́блівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да працерабіцца.

2. Зал. да працярэбліваць.

працярэ́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да працерабіць.

праця́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад працяць.

праця́ўкаць, ‑ае; зак.

Цяўкаць некаторы час.

праця́цца, пратнуся, пратнешся, пратнецца; зак.

Пранікнуцца якім‑н. пачуццём, адчуваннем. Зелянюк ураз кінуў усміхацца, працяўся дзелавітай сур’ёзнасцю. Зарэцкі. Здрыганулася сэрца ў Петруся, рашучасцю сталёвая працяўся. Нікановіч.

праця́ць, пратну, пратнеш, пратне; пратнём, пратняце; зак., каго-што.

1. Пракалоць, праткнуць чым‑н. колючым наскрозь; прарэзаць. Пакуль салдаты пілі, яна безупынку шчабятала. І ўсё пра свайго мужа нябожчыка Рыкарда. Што, калі б яго не працяў рагамі раз’юшаны бык, Рыкарда таксама абараняў бы рэспубліку. Беразняк. Раменная плётка са свістам працяла паветра і апякла брату цела. Карпюк. // перан. Пільна ўгледзеўшыся, пранікнуць куды‑н. У цыгана быў погляд глыбокі, уедлівы, нібы ён стараўся ім працяць мяне. Чыгрынаў. Зірнула .. [жанчына] на мяне так, нібы хацела позіркам працяць навылёт. Сабаленка.

2. перан. Пранізаць усю істоту (пра вецер, холад, боль і пад.). Бацька пасядзеў на ганку, услухоўваючыся ў наваколле, пакуль яго не працяў перадранішні халадок. Марціновіч. Нешта цяжкое навалілася на плечы, востры боль наскрозь працяў шыю. Шахавец. / у безас. ужыв. Імгненным страхам працяло ўсё цела. Навуменка. // Моцна, раптоўна падзейнічаць, зрабіць глыбокае ўражанне. Маўчанне зацягвалася. Вера не ўмела парушыць яго. Здавалася, тут патрэбны словы, каб працялі чалавека наскрозь. Асіпенка. Хрысціна устрапянулася, нейкая здагадка іскрай радасці працяла яе ўсю. Краўчанка.

працячы́, ‑цячэ; ‑цякуць; пр. працёк, ‑цякла, ‑цякло, зак.

1. Прайсці дзе‑н. сваім цячэннем (пра раку, ручай). Заўтра сотні ў пустыні Праменістых рэк працякуць. Панчанка.

2. Пранікнуць, прасачыцца (пра ваду, вадкасць). Вада працякла ў лодку. / у безас. ужыв. Тут пахла сырымі анучамі, венікамі. Сцены аблупленыя, на столі вялікі руды круг — працякло са страхі. Арабей.

3. Перастаць затрымліваць ваду ці іншую вадкасць. Чайнік працёк. Страха працякла.

4. Прайсці, мінуць (пра час, падзеі). Наша маленства працякло задоўга да Вялікай Айчыннай вайны. Грамовіч. Шмат гадоў працякло З таго слаўнага дня, Як на нашай зямлі Заяснела вясна. Журба.

•••

Многа вады працякло (ўцякло) — многа прайшло часу, змен.