Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

працэсуалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Юрыст, знаўца працэсу (у 3 знач.).

працэсуа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да працэсу (у 3 знач.). Працэсуальнае права. Працэсуальныя тэрміны.

праця́г, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. працягваць — працягнуць (у 8 знач.) і працягвацца — працягнуцца (у 3 знач.).

2. Тое, што прадаўжаецца; частка чаго‑н., прадаўжэнне. Мінула пяць год, і чытач атрымаў працяг трылогіі — кнігу «У глыбі Палесся». Шкраба. І на міг Сашы здалося, нібы ўсё, што яна пачула толькі што, — гэта працяг страшнага сну. Шамякін. Доўгая вулачка паміж платамі была працягам гэтай сцежкі. Чорны.

•••

На працягу чаго — у час чаго‑н. Лацінская мова на працягу ўсяго сярэдневякоўя была афіцыйнай мовай навукі і пісьменнасці народаў Заходняй Еўропы. Юргелевіч.

працяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Прахадзіць некаторы час дзе‑н. Працягацца цэлы дзень па магазінах. □ Васіль увесь тыдзень працягаўся .. нудны і маркотны. Гартны.

працяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Цягаць некаторы час. Усю зіму працягаў боты. □ — Я амаль усю вайну працягаў «максіма». Карпюк.

праця́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. працягваць — працягнуць.

праця́гвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да працягнуцца.

2. Зал. да працягваць.

праця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да працягнуць.

праця́гласць, ‑і, ж.

1. Адлегласць (даўжыня, шырыня ці вышыня), занятая чым‑н. Працягласць трубаправода. □ Велізарны масіў аўса межаваў з жытам, бульбай і на працягласці 300 м — з канюшынай. «Весці».

2. Час, перыяд, тэрмін, на працягу якога што‑н. дзейнічае, адбываецца, існуе. Працягласць урока — сорак пяць хвілін. Працягласць камандзіроўкі — месяц. □ Працягласць нерасту залежыць ад тэмпературы вады. Матрунёнак.

праця́глы, ‑ая, ‑ае.

Які доўга працягваецца. Працяглы тэрмін. □ Наступіла працяглая маўклівая паўза: усе меркаванні і здагадкі ўжо былі выказаны да з’яўлення Шэмета, і цяпер ніхто не адважваўся іх паўтараць. Лобан. Стук паўтарыўся. Ён быў такі ж асцярожны, але больш настойлівы, працяглы. Кулакоўскі. Спачатку сакаляня лятала толькі каля хаты, але з кожным днём падарожжы яго рабіліся ўсё больш і больш далёкімі і працяглымі. В. Вольскі. // Працяжны, не адрывісты (пра гукі). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. А за возерам, далёка на небасхіле, вісела чорная хмара. Час ад часу яе прарэзвала маланка і праз момант далятаў глухі, працяглы гром. Ваданосаў.