працэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Сотая доля ліку, які прымаецца за цэлае, за адзінку (абазначаецца знакам %). // Колькасць, якая вымяраецца ў сотых долях чаго‑н., прынятага за адзінку. Выканаць план на сто пяць працэнтаў.
2. Даход, які атрымліваецца на кожныя сто рублёў (ці сто іншых грашовых адзінак) капіталу. Працэнт прыбыткаў.
3. Плата, якая атрымліваецца крэдыторам ад даўжніка за карыстанне пазычанымі грашамі. З гэтага гоману выплыў Рыгораў жарт, пасланы да гаспадыні: — Папрашу ваш доўг з працэнтам. Гартны.
4. Узнагарода, якая вылічваецца ў залежнасці ад абароту, даходу. Сам Стась атрымлівае ўсяго тры рублі ў месяц ды невялікі працэнт ад продажу газет, але ён любіць беларускую газету, спачувае і спрыяе ёй, як можа. Колас.
•••
На (усе) сто працэнтаў — поўнасцю.
[Ад лац. pro centum — за сто.]
працэнтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.
Спец. Вылічыць (вылічваць) працэнты.
працэнтама́нія, ‑і, ж.
Разм. неадабр. Клопат пра знешнія (у працэнтах) паказчыкі выканання плана, паспяховасці вучняў і пад.
працэ́нтны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да працэнта; выражаны ў працэнтах. Працэнтная норма. Працэнтнае вылічэнне.
2. Які прыносіць працэнты (у 2 знач.). Працэнтныя грошы.
працэнто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Разм. Налічэнне аплаты за працу натурай або грашамі ў памеры некалькіх працэнтаў ад зробленага. — За бульбу працэнтоўку даюць. З дзесяці пудоў — пуд. Навуменка.
працэ́нтшчык, ‑а, м.
Разм. Той, хто пазычае грошы пад працэнты; ліхвяр.
працэ́нтшчыца, ‑ы, ж.
Разм. Жан. да працэнтшчык.
працэ́с, ‑у, м.
1. Паслядоўная змена якіх‑н. з’яў, ход развіцця чаго‑н. Літаратура — заўсёды працэс, і на яе развіццё ўплывае нават тое, што супярэчыць яе асноўнаму напрамку... Навуменка. Хацелася мець здымкі такія, якія адлюстроўвалі б увесь працэс працы на агародзе і ў садзе. Сабаленка. // Сукупнасць паслядоўных дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнага выніку. Тэхналагічны працэс. □ Цярпліва тлумачыў дзед Петрыку працэс рамонтных работ. Шынклер.
2. Актыўнае развіццё хваробы. Запаленчы працэс. □ Кансіліум выявіў у Давіда адкрыты працэс сухотаў. Машара.
3. Спец. Парадак разбору судовых спраў. Грамадзянскі працэс. // Разбор справы судом. Паказальны судовы працэс. □ Працэс пачаўся з апытання абвінавачаных. Ліс. У перапоўненай вялізнай зале Ідзе працэс над бандаю забойцаў. Гілевіч.
•••
Спаборны судовы працэс (спец.) — парадак разгляду судовых спраў, пры якім разбор справы адбываецца пры ўзаемным удзеле бакоў.
У працэсе чаго — у ходзе, у час здзяйснення чаго‑н.
[Ад лац. processus — цячэнне, ход.]
працэ́сія, ‑і, ж.
Урачыстае мнагалюднае шэсце. Пахавальная працэсія. □ Па правым беразе ідзе ўздоўж ракі вясельная працэсія. В. Вольскі.