Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

працырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што і без дап.

Цыраваць некаторы час.

працытава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад працытаваць.

працытава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

Прывесці цытату (з чыйго‑н. твора), чыё‑н. выказванне. Працытаваць Коласа.

праць, пяру, пярэш, пяра; пяром, пераце; незак., што.

Мыць, б’ючы пранікам (бялізну, палатно). Андрэй яшчэ здалёку пачуў, як нехта лупіў пранікам пад гарою — на кладках валаськоўцы здаўна пралі бялізну, — але не думаў, што гэта будзе Таццяна. Чыгрынаў.

працэ́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад працадзіць.

працэ́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. працэджваць — працадзіць.

працэ́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да працадзіць.

працэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да працадзіць.

працэду́ра, ‑ы, ж.

1. Афіцыйны парадак дзеянняў для ажыццяўлення ці выканання чаго‑н. Працэдура галасавання. Працэдура падпісання дагавору. Судовая працэдура. // Ход, паслядоўнасць дзеянняў у якой‑н. справе. Працэдура апазнавання скончылася; каго ніхто не апазнаў, пагналі назад у барак. Сабаленка.

2. Лячэбнае мерапрыемства, прапісанае ўрачом (ванны, масаж і пад.). Хадзіць на працэдуры. Лячэбныя працэдуры. □ Звычайна шустрая, як вавёрка, Віра захварэла, штодня яе возяць на водныя працэдуры. Навуменка.

[Ад лац. procedere — рухацца наперад.]

працэду́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да працэдуры (у 1 знач.); звязаны з афіцыйнай працэдурай чаго‑н. Працэдурныя пытанні. Працэдурныя правілы. Працэдурная камісія.

2. Які мае адносіны да працэдуры (у 2 знач.); прызначаны для выканання працэдур. Працэдурны кабінет. Працэдурная сястра. // у знач. наз. працэду́рная, ‑ай, ж. Кабінет, у якім робяцца працэдуры (у 2 знач.). У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны. Шамякін.