пра́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Работніца, якая займаецца мыццём бялізны. Калі была [Рога] на катарзе, дык ёй даводзілася доўга працаваць прачкай. Лынькоў.
прачну́цца, ‑чнуся, ‑чнешся, ‑чнецца; зак.
1. Перастаць спаць, прабудзіцца. Лабановіч прачнуўся і стаў прыслухоўвацца. Колас. Косцік прачнуўся на досвітку: нехта моцна стукаў у акно. С. Александровіч. Прачнуўся Міколка ад стрэлаў. Лынькоў. // перан. Напоўніцца гукамі, рухам; ажыць. Трамвай прачнуўся, празвінеў, Адкрыліся вітрыны рана. Танк.
2. перан. Стаць актыўным, выйсці са стану застою, спакою. Прачнуліся нівы і хаты: Ўся ў полі людская сямейка, За сошкай шнуруе араты, Ля статку іграе жалейка. Купала. Мой спеў напоўнен быў жаданнем, Каб наш прачнуўся родны люд. Журба.
3. перан. З’явіцца, выявіцца (пра пачуццё, уласцівасць, якасць). Можа, і праўда ў чалавека прачнулася пачуццё любві да радзімы. Сабаленка.
прачо́ска 1, ‑і, ДМ ‑чосцы; Р мн. ‑сак; ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прачэсваць 1 — прачасаць 1.
прачо́ска 2, ‑і, ДМ ‑чосцы; Р мн. ‑сак; ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прачэсваць 2 — прачасаць 2.
прачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што і з дадан. сказам. Тое, што і прадчуваць. [Марыля:] З самага пачатку я прачувала, што нічога з гэтага.. не выйдзе, і што ж, ці не мая праўда? Купала.
2. Незак. да прачуць.
прачу́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць прачулага. Пяюць гэтую песню з нейкім асаблівым пачуццём, з такой прачуласцю і сардэчнасцю, што хочацца яе слухаць і раз, і два, і, здаецца, цэлы вечар слухаў бы адну гэтую песню. Шчарбатаў.
прачу́лы, ‑ая, ‑ае.
Напоўнены вялікім пачуццём. Хай новыя людзі на заўтра пабачаць, Як сэрцы імкнуліся край будаваць, Пабачаць і ў песнях прачулых адзначаць Адважных байцоў незлічоную раць. Куляшоў. У трыццатыя гады паэт стварае самыя прачулыя свае вершы, дзе ўсімі гранямі пераліваюцца пачуцці радасці жыцця, свабоднай працы. Навуменка. Многа цёплых, прачулых слоў давялося пачуць Барысу ад прысутных пра сям’ю старога чыгуначніка Фёдара Цімафеевіча Даражкова. Васілёнак.
прачу́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прачуць.
2. у знач. прым. Прасякнуты пачуццём. Грыміць напружанай хадой Вялікіх творцаў пакаленне... Ім верш прыветны, сціплы мой, Маё прачутае ўслаўленне. Хадыка. Прачутае жывое слова, Як сталь адменнага ліцця, Грымела мужна і сурова Над злой няпраўдаю жыцця. Глебка.
прачуха́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Абл. Праборка, вымова за што‑н. Дасталася добрая прачуханка Міколку ад маткі. Лынькоў.
прачу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Прачнуцца, прыйсці ў сябе. Было ўжо зусім відно, як Пятрусь прачухаўся трохі і падняў галаву. Колас. Напіліся [ксяндзы] дармавой гарэлкі і захраплі на ўсю хату. Назаўтра прачухаліся ксяндзы. Глядзяць — дзе ж гэта яны? Якімовіч.
прачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што з дадан. сказам і без дап.
1. Даведацца, пачуць пра што‑н. Збанок у прэзідыум не сеў, ён, мабыць, прачуў ужо, што яго будуць здымаць. Навуменка. Як толькі прачулі гараджане пра няпрошанага госця, яны замкнулі вароты. Шынклер. — Таня, пэўна, з вёскі вярнулася. Можа, там навіны якія прачула, — зноў нясмела прапанаваў Максім. Машара.
2. Пранікнуць пачуццём у сэнс чаго‑н. [Валошын:] Падумайце, прачуйце вашым сэрцам, Што робіце, куды вы ідзяце? Глебка.