пратара́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Урэзаўшыся, прабіць наскрозь. Пратараніць самалёт. Пратараніць сцены крэпасці.
пратара́ньвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да пратараньваць.
пратара́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пратараніць.
пратарахце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; зак.
Разм.
1. Праехаць з грукатам, з тарахценнем. Дарога была пустая. Толькі аднойчы пратарахцела па ёй фурманка. Новікаў.
2. Тарахцець некаторы час. Каля моста пратарахцеў матор і сціх. Няхай.
пратаргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.
1. Панесці страты, займаючыся гандлем, продажам чаго‑н. — Я, Волечка, і сама не раз так думала, з людзьмі гаварыла: ён жа ў магазіне працуе, пратаргуецца, прап’е ўсё. Ваданосаў.
2. Таргавацца некаторы час.
пратарго́л, ‑у, м.
Лякарства ў выглядзе вадкасці або мазі, якое ўжываецца пры хваробах вачэй, скуры і інш.
[Ад пратэін — бялок, лац. argentum. — серабро і oleum — масла, алей.]
пратарча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑ныць; зак.
Разм. Тое, што і пратырчаць. Прачытаўшы запіску Качуры, ... Марына Міхайлаўна ўзлавалася без меры. «Я нізавошта не пайду. Няхай ён хоць усю ноч пратарчыць каля плаціны». Паслядовіч.
пратары́ць, ‑тару, ‑торыш, ‑торыць; зак., што.
Пракласці яздой, хадзьбой (дарогу і пад.). Раней тут дарогі не было, яе пратарылі партызаны. Янкоўскі. Следам [за першым савецкім спадарожнікам] пратарыў першую сцежку ў космас наш чалавек. Лужанін.
прататы́п, ‑а, м.
Кніжн. Першавобраз, арыгінал, першапачатковы ўзор. Падобная беларуская казка магла быць адным з прататыпаў да балады [А. Міцкевіча] «Рыбка». Лойка. // Асоба, якая паслужыла аўтару арыгіналам для стварэння літаратурнага вобраза, а таксама літаратурны тып, вобраз, які паслужыў узорам для другога аўтара. У галоўнага героя «Дрыгвы» — дзеда Талаша — быў свой рэальны прататып. Гіст. бел. сав. літ. Прататыпам для гэтага вобраза паслужыў славуты, вядомы ўсяму беларускаму народу бацька Мінай. «Полымя».
[Грэч. prōtotypon.]
пратаўха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Прабіцца наперад праз вялікі натоўп.
2. Таўхацца некаторы час.