пракантралява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
Узяць пад кантроль; праверыць каго‑, што‑н. Андрыяну даручалася пракантраляваць, як выпраўляюцца недахопы. Марціновіч.
пракапа́ны і прако́паны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пракапа́ць.
пракапа́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.
1. Капаючы, пранікнуць куды‑н., праз што‑н., дасягнуць чаго‑н., дакапацца. Пракапацца да вады.
2. перан. Капацца некаторы час (гл. капацца ў 2 знач.). Пракапацца дома цэлы дзень.
прака́паць, ‑ае; зак.
Прайсці, упасці каплямі. А яна [ралля] дымілася абапал Першым парам, першай цеплынёй Ад дажджу, Што толькі што пракапаў Па-над красавіцкаю зямлёй. Астрэйка.
пракапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.
1. Капаючы, правесці, пракласці што‑н. Канаву к рэчцы пракапалі, А простай кладкі не паклалі. Муравейка. Траншэі, якія пракапаў [экскаватаршчык Славецкі], калі б скласці ў адно, выцягнуліся б, пэўна, ад сівой Балтыкі да Ціхага акіяна. Мыслівец.
2. Капаючы, прайсці наскрозь. Пракапаць гару.
3. Капаючы, утварыць паглыбленне. Партызаны пракапалі неглыбокую ямку і аблажылі яе камен[нем]. Якімовіч. Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлю і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Колас.
4. і без дап. Капаць некаторы час. Пракапаць цэлы дзень.
пракараву́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
Разм.
1. Каравулячы, не ўсцерагчы, правароніць. Пракаравуліць аўтобус.
2. і без дап. Каравуліць некаторы час. Пракаравуліць усю ноч.
пракарата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Правесці, каратаючы. Колькі веснавых начэй пракаратаў Максім падлеткам-начлежнікам на гэтых муражынах і ялавінах пры самым узлессі. Машара.
прака́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Абазвацца карканнем (у 1 знач.).
2. Каркаць некаторы час.
пракармі́цца, ‑кармлюся, ‑кормішся, ‑корміцца; зак.
Забяспечыць сябе ежай, кормам. Гэтай палянкі зусім даволі было, каб засеяць збожжа ды бульбы і гэтым пракарміцца да новага ўраджаю. Чарот. [Галя:] — На адной стыпендыі .. не вельмі параскашуешся, а мне ж трэба не толькі пракарміцца, але і апрануцца. Сабаленка.
пракармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што.
1. Даць ежу, забяспечыць ежай, кормам; здабыць каму‑н. сродкі для існавання. Хіба я магу адна са свайго заработку пракарміць, апрануць і вучыць дзяцей. Васілевіч. [Таня:] — Аднак, што б з табою ні здарылася, твая Вера, твая сям’я галоднымі не будуць, жабраваць не пойдуць. Вера пракорміць і сябе і нават табе дапаможа. Машара. Сена далей ад дарог стагаваць трэба. Немцы па дарогах адступаць будуць, дык са злосці чаго не зробяць. А такі статак пракарміць не жартачкі. Асіпенка.
2. Карміць некаторы час.
пракармле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. пракарміць (у 1 знач.), пракарміцца.