пракаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. што. Коцячы, перамясціць. Пракаціць бочку. Пракаціць воз.
2. каго. Правезці каго‑н., каб зрабіць прыемнасць. [Конюх:] — Летам, калі ў пана Булыгі будуць імяніны, я цябе ў яго брычцы пракачу. Бажко.
3. Хутка праехаць. Шмат хто пакланіўся пану, які на стаенным жарабцы пракаціў па вёсцы да старасты... Чарот.
4. перан.; каго. Разм. Адхіліць, адвесці на выбарах, не выбраць куды‑н. — Што здарылася? Мяне пракацілі... Не выбралі... Вось што здарылася... Шамякін.
•••
Пракаціць на вараных — забалаціраваць, праваліць каго‑н. на выбарах (накідаўшы чорных шароў).
пракача́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пракачаць.
пракача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгладзіцца качалкай, качалкамі. Бялізна добра пракачалася.
2. Правесці які‑н. час лежачы, качаючыся. Але толькі пасля таго, як.. [Мікола] паўгадзіны пракачаўся ў ложку, зразумеў, што заснуць не зможа. Гаўрылкін. // Разм. Праляжаць доўгі час хворым.
пракача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Разгладзіць качалкай, качалкамі. Пракачаць бялізну.
2. Качаць некаторы час (гл. качаць у 4 знач.).
прака́шлівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да пракашляцца.
прака́шліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пракашляць (у 1, 2 знач.).
прака́шляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Прачысціць горла кашлем; адкашляцца. Варухнулася ў .. [Версана] на гарляку вострая бугрынка, нібы каўтнуў даўкі камяк, пракашляўся. Місько.
прака́шляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Абазвацца кашлем, закашляць.
2. што. Кашляючы, ачысціць горла ад чаго‑н.
3. Кашляць некаторы час. Пракашляць усю ноч.
праква́сіцца, ‑квасіцца; зак.
Стаць квашаным, закіснуць да гатоўнасці (для ежы). Капуста добра праквасілася.
праква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., што.
Зрабіць квашаным, даць добра ўкіснуць чаму‑н.