Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

праката́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Спец. Падвергнуць пракатцы. Пракатаць жалеза.

праката́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Тое, што і пракаціць (у 2 знач.). — Дзядзечка Пракатайце! — чуюцца праз шум матора воклічы дзяцей. Гамолка.

2. Катаць каго‑н. некаторы час.

прака́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пракатваць ​1 — пракатаць ​1.

прака́твацца ​1, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пракатацца ​1.

2. Зал. да пракатваць ​1.

прака́твацца ​2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да пракаціцца, пракатацца ​2.

прака́тваць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пракатаць ​1.

прака́тваць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пракаціць, пракатаць ​2.

прака́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Спец. Гарачая апрацоўка металу шляхам абціскання паміж вярчальнымі валамі ў асобых станах. Пракатка груб.

прака́тны ​1, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які прызначаецца, служыць для пракаткі, пракату ​1 (у 1 знач.). Пракатны стан. Пракатныя валы. // Выраблены шляхам пракаткі, пракату. Пракатныя металічныя вырабы.

2. Які мае адносіны да вырабу пракату. Пракатная вытворчасць. Пракатны цэх.

прака́тны ​2, ‑ая, ‑ае.

1. Які аддаецца напракат. Пракатная машына. Пракатны спартыўны інвентар.

2. Які аддае напракат. Пракатная кантора.

прака́тчык, ‑а, м.

Рабочы пракатнага цэха.

прака́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да пракатчык.

пракаўтну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Абл. Праглынуць. О, які смачны быў той крупнік! Сабастыян зараз успомніў і аж сліну пракаўтнуў. Сабаленка. Іван Сямёнавіч падышоў да магілы, намерыўся нешта сказаць, але не змог. Толькі пракаўтнуў даўкі камяк у горле і яшчэ ніжэй апусціў сівую галаву. Курто.

пракаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, перамясціцца куды‑н. Мяч пракаціўся два метры. □ Сляза радаснай узбуджанасці пракацілася па.. твары. Кавалёў. // перан. Раздацца, разнесціся (пра раскацістыя гукі). Над самаю страхою пракаціўся гром. Грахоўскі. Гул абурэння пракаціўся па зале і сціх. Лынькоў.

2. Праехацца, з’ездзіць (для забавы, пацехі) куды‑н. — Вось пракаціўся — лепш, як на аўтобусе, — смяецца Драбак і паказвае цэлы рад белых зубоў. Колас. Любілі калісь паны, запрогшы тройку, пракаціцца па шляху ў вясеннюю раніцу альбо вечарам. Галавач.