Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

анія́кі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. займ. Зусім ніякі. Навокал не было аніякага гуку. Чорны. Некалькі дзён не было аб Ігнаце аніякіх чутак. Лынькоў.

2. у знач. прым. Вельмі дрэнны, нічога не варты. [Журавель:] — Шыя выгнута вужакай, Хараства ні ў чым няма І убор твой аніякі, І нягодная сама [Чапля]. Танк.

анкалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да анкалогіі. Анкалагічны дыспансер.

анкало́гія, ‑і, ж.

Раздзел медыцыны, які вывучае пухліны і метады іх лячэння.

[Ад грэч. onkis — уздутасць і logos — вучэнне.]

а́нкер, ‑а, м.

1. Прыстасаванне ў гадзіннікавым механізме, якое звязвае хадавое кольца з маятнікам і забяспечвае раўнамернасць ходу гадзінніка.

2. Металічная дэталь, якая служыць для змацавання састаўных частак збудаванняў, машын.

[Ням. Anker.]

а́нкерны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да анкера (у 1 знач.). Анкерны ход.

2. Які мае адносіны да анкера (у 2 знач.). Анкерны болт.

анке́та, ‑ы, ДМ ‑кеце, ж.

Апытальны ліст для збору пэўных звестак. Пасля гэтых імклівых пытанняў Філістовічу далі запоўніць анкету. Паслядовіч. [Бародка] уважліва і з цікавасцю перачытаў анкету, біяграфію. Шамякін.

[Фр. enquête.]

анкетава́нне, ‑я, н.

Спосаб сацыяльнага даследавання шляхам апытання пры дапамозе анкет.

анке́тны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з анкетай. Анкетныя звесткі.

анко́лаг, ‑а, м.

Урач — спецыяліст па анкалогіі.

ано́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Электрод з дадатным зарадам; проціл. катод.

[Ад грэч. anodos — пад’ём, узыходжанне.]