Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

песнапе́нне, ‑я, н.

Рэлігійная або ўрачыстая песня.

пе́сня, ‑і, ж.

1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. □ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню. Асіпенка. // Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці. Анісаў. // Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак. Мурашка. // Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..» Чарот.

2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова. // Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна. Бядуля.

3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.

•••

Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.

Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.

Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).

Песня чыя спета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).

Старая песня — што‑н. даўно вядомае.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню гл. цягнуць.

пе́ста, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сце, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Тое, што і пястун, пястуха.

пе́ставацца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

Тое, што і песціцца. Пеставацца ў пасцелі не было калі — вунь жонка нешта ўжо смажыць на снеданне. Гроднеў.

пе́ставаць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Тое, што і песціць. — Ну, цяпер мы з табою зусім прыяцелі! — жартавалі чырвонаармейцы і пеставалі Мішку, гладзілі яго, за вухам часалі. Лынькоў. Сына.. [прафесар] пеставаў, дазваляў яму шмат лішняга. Новікаў. Зусім не такія планы пеставаў у сваёй юнацкай душы маўклівы і зацяты Мікола Голуб. Навуменка.

пе́сты, ‑аў; адз. няма.

Разм. Пяшчотныя, ласкавыя адносіны. [Зося:] — Жыла я ўвесь час як чалавек, не шукаючы ні лёгкага хлеба, ні забаў, ні пестаў. Хадкевіч.

пестыцы́ды, ‑аў.

Хімічныя сродкі барацьбы з рознымі шкоднымі арганізмамі (насякомымі, кляшчамі, бактэрыямі, грыбкамі, пустазеллем і пад.).

пе́сцік, ‑а, м.

Частка кветкі пакрытанасенных раслін, з якой утвараецца плод пасля апладнення пыльцой.

пе́сцікавы, ‑ая, ‑ае.

Які размнажаецца пры дапамозе песцікаў і тычынак.

пе́сціцца, пешчуся, песцішся, песціцца; незак.

Аддавацца пяшчотам, цешыцца спакоем, бестурботнасцю. — Уставай, хопіць табе песціцца ў пасцелі! Шахавец. Сам [Ваўчок] вудзіць рыбу, дзеці купаюцца і загараюць, жонка песціцца ля рэчкі ў цяньку. Хадкевіч. У дзяцінстве, помніцца, было такое: бацька і ён [Эфір] ляжаць на канапе, песцяцца, жартуюць. Асілак і карапуз. М. Ткачоў.