пе́сенны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да песні, уласцівы ёй. Песенная культура. Песенны матыў. Песенны фальклор.
2. Напеўны, меладычны. Шаўчэнкі песеннае слова З малых гадоў хвалюе нас. Хведаровіч. Жнівень прыйшоў і сюды — на пшанічныя ўзгоркі і ў даліны з багатым ільном, — калгасны жнівень з вострым хлебным пахам і з песенным сакатаннем жняярак, гулам камбайнаў і гружаных аўтамашын. Брыль.
3. Які любіць спяваць, багаты песнямі. Песенны народ. Песенны край. □ У песенную вёску прыязджаюць работнікі дамоў народнай творчасці, Акадэміі навук, запісваюць за самадзейнымі артыстамі іх песні, тэксты народных прадстаўленняў. Місько.
пе́сенька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Памянш.-ласк. да песня; кароткая дзіцячая песня.
•••
Песенька (песня) чыя спета — канец чыйго‑н. жыцця, шчасця, поспехаў, славы і пад.
песе́та, ‑ы, ДМ ‑сеце, ж.
Грашовая адзінка ў Іспаніі і Экватарыяльнай Гвінеі.
[Ісп. peseta.]
песімі́зм, ‑у, м.
Светаадчуванне, прасякнутае нявер’ем у лепшае будучае, схільнасцю бачыць ва ўсім толькі адмоўнае; проціл. аптымізм. Карціна вельмі цікавая па сваёй задуме, выкананню, аднак уся яна прасякнута глыбокім пачуццём безвыходнасці і песімізмам. «Звязда».
[Ад лац. pessimus — найгоршы.]
песімі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто схільны да песімізму; проціл. аптыміст. — Нешта, брат, ты песімістам робішся. Народ радуецца, а ты... Спалохаўся? Не бойся, твае пазіцыі моцныя! Шамякін.
песімі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да песіміст.
песімісты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць песімістычнага. Песімістычнасць прагнозаў.
песімісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да песімізму, песіміста; прасякнуты песімізмам. Песімістычны погляд. Песімістычны настрой.
пескава́ты, ‑ая, ‑ае.
З вялікай колькасцю пяску. Пескаватыя глебы. Пескаватае рэчышча.