Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ама́тарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да аматар.

ама́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да аматара, аматараў. Аматарскі спектакль.

ама́тарства, ‑а, н.

Занятак аматара, аматараў.

амафо́ны, ‑аў; адз. амафон, ‑а, м.

Спец. Словы, якія аднолькава гучаць, але маюць рознае напісанне (плод і плот).

[Ад грэч. honós — аднолькавы і phōnē — гук.]

а́мба,

Разм. Ужываецца ў значэнні «усё», «канец», «смерць». [Зёлкін:] Пеця... ты яшчэ нічога не чуў пра нашага Чарнавуса? Амба... Крапіва. [Скакун:] Жыве чалавек і раптам не стала чалавека, амба, каюк. Гурскі.

амбара́с, ‑у, м.

Уст. Клопаты, турботы, непакой. Колькі амбарасу Каля гэтай справы! Крапіва.

[Фр. embarras.]

амбі́тны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і амбіцыйны. Пісар жа быў таўстаморды; амбітны, уладалюбны. Гарэцкі.

амбіцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Поўны амбіцыі, з амбіцыяй. Амбіцыйная заява.

амбі́цыя, ‑і, ж.

Празмернае пачуццё асабістай годнасці; самалюбства. Прафесійная амбіцыя. Збіцца на амбіцыю. □ Таймс-сквер. Натоўп. Над ім з амбіцыяй Гарлае нейкі кандыдат. Панчанка.

•••

Амбіцыя без амуніцыі — пра беспадстаўную амбіцыю.

Кідацца ў амбіцыю гл. кідацца.

(Толькі) без амбіцыі — без крыўды, без нездавальнення.

(Чалавек) з амбіцыяй — пра фанабэрыстага, ганарлівага чалавека.

[Лац. ambitio.]

амбо́н, ‑у, м.

Узвышэнне ў царкве перад так званымі царскімі варотамі. Мікіта адпускаецца і, хлюпаючы лапцямі, зноў ідзе да амбону. Колас. Перасталі з амбонаў казаць казанне папы — лепш цішком паскардзіцца дзе надзейнаму чалавеку. Скрыган.