Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяспра́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае палітычных і грамадзянскіх правоў; пазбаўлены правоў. Сялянства ў царскай Расіі было пагарджаным і бяспраўным. □ Лабановіч на гэты раз, як бяспраўны настаўнік, сядзеў далей ад стала экзаменатараў у якасці старонняга і пасіўнага наглядальніка. Колас.

бяспро́йгрышны, ‑ая, ‑ае.

Які не дае пройгрышу. Бяспройгрышная пазыка, латарэя.

бяспры́кладнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бяспрыкладнага.

бяспры́кладны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае сабе роўнага або падобнага. Навечна застануцца ў памяці беларускага народа тыя бяспрыкладныя па свайму гераізму баявыя аперацыі, якія правялі ў гэтыя дні [вайны] слуцкія і капыльскія партызаны. Казлоў.

бяссе́ткавы, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца без прымянення сеткавых прылад. Бяссеткавая лоўля рыбы.

бяссі́лле, ‑я, н.

1. Недахоп, адсутнасць фізічных сіл; крайняя слабасць. Часам мільгалі ў ваччу нейкія чорныя кропкі. Камісар апускаў у бяссіллі галаву, прынікаючы ўсім целам да нагрэтага сонцам насцілу. Лынькоў.

2. Няздольнасць, немагчымасць зрабіць што‑н.; бездапаможнасць. Зося рабіла ўсё магчымае, каб дапамагчы мужу,.. але хутка пераканалася ў сваім бяссіллі. Барсток.

бяссі́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і бяссільны. Рукі, ногі — усё рабілася такім бяссілым, што хацелася сесці. Мележ.

бяссі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае фізічных сіл; вельмі слабы. Хлопец кінуўся падымаць таварыша. Але бяссільнае цела інжынера хілілася долу, і тут толькі хлопец заўважыў вялікую лужыну крыві на месцы, дзе ляжаў таварыш. Лынькоў. [Мікола] разгортвае.. сшытак і, палажыўшы на яго левыя старонкі сваю бяссільную руку, правай рукой нешта піша. Брыль.

2. Няздольны што‑н. зрабіць, што‑н. пераадолець; бездапаможны. [Мікола:] — Загаіць гэту рану Мы бяссільны, ўрачы. Бачыла. // Пазбаўлены магчымасці задаволіцца (пра пачуцці). Бяссільная злосць [Мікіты] вылілася на Матку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэта злосць, горкая, дзікая і дурная. Брыль.

бясскі́вічныя, ‑ых.

Надклас ніжэйшых вадзяных пазваночных падтыпу чарапных (міногі, міксіпы і пад.).

бяссла́ўе, ‑я, н.

Няслава, ганьба. Імгла зялёная імгліць Па-над дарожным палатном. Чые тут войскі не ішлі, Каб стаць затым бясслаўя тлом. Калачынскі.