Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бязві́нны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае віны; нявінны. [Лазарэўская:] — Самае важнае, што ў нас Савецкая ўлада, а яна не дазволіць нікому крыўдзіць бязвіннага чалавека. Паслядовіч. [Вера] песціцца ў яго [Карызны] абнімках, забаўляецца, як чыстае, бязвіннае дзіця. Зарэцкі. Жудасна было глядзець, як гінулі гэтыя бязвінныя, бездапаможныя стварэнні [пінгвіны]. Маўр.

бязво́блачнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязвоблачнага. Бязвоблачнасць неба.

бязво́блачны, ‑ая, ‑ае.

1. Ясны, без воблакаў. Бязвоблачнае неба. Бязвоблачны дзень.

2. перан. Нічым не засмучаны; светлы, шчаслівы. Бязвоблачнае каханне. □ [Пятру] здавалася, кончыліся ўсе непрыемнасці, надышоў час бязвоблачнага шчасця. Шамякін.

бязво́бразнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязвобразнага.

бязво́бразны, ‑ая, ‑ае.

Які не вызначаецца вобразнасцю, наяўнасцю паэтычных вобразаў. Бязвобразнае мысленне.

бязво́ддзе, ‑я, н.

Адсутнасць, нястача вады, вільгаці. Па голым стэпе, па бязводдзі, па спечанай, як блін, зямлі паўзлі, бы вусені, стагоддзі, пакуль у бездань не спаўзлі. Лось.

бязво́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены вады, вільгаці. На шмат кіламетраў цягнуліся бязводныя, высушаныя гарачым ліпеньскім сонцам палі. Шамякін.

2. Які не мае ў сваім саставе вады, вільгаці. Бязводная серная кіслага.

бязво́кі, ‑ая, ‑ае.

Аднавокі; без вачэй; сляпы; які дрэнна бачыць.

бязво́лле, ‑я, н.

Адсутнасць сілы волі, слабахарактарнасць. Але адных дакораў было мала: адчувалася патрэба паспавядацца перад кім-небудзь, прызнацца ў сваім бязволлі і блазенстве. Колас. [Шэмет:] — Судзяць не Дубалеку, а непаваротлівасць, абыякавасць, разявацтва, бязволле, марудлівасць, невуцтва — вось што судзяць. Лобан.

бязво́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязвольнага; бязволле. А цяпер.. [Ярашу] рабілася брыдка за ўласную слабасць і бязвольнасць і часта хацелася пайсці да Зосі на злосць жонцы. Шамякін.