Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

алкаго́ль, ‑ю, м.

1. Вінны спірт. // Разм. Наогул гарэлка і гарэлачныя вырабы.

2. толькі мн. (алкаго́лі, ‑яў). Спец. Шэраг арганічных злучэнняў, у склад малекул якіх уваходзіць група атамаў кіслароду і вадароду; спірты.

[Ням. Alkohol з араб.]

алкаго́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да алкаголю, змяшчае ў сабе алкаголь. Алкагольнае атручэнне. Алкагольныя напіткі.

алкало́ід, ‑у, М ‑дзе, м.

Спец. Арганічнае рэчыва, падобнае на шчолач, якое мае ў сабе азот і вызначаецца моцным фізіялагічным дзеяннем.

алкало́ідны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які складаецца з алкалоідаў, звязаны з алкалоідамі.

алма́з, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Празрысты, звычайна бясколерны, каштоўны камень, які сваім бляскам і цвёрдасцю перавышае ўсе іншыя мінералы і самацветы; агранены ў пэўную форму, называецца брыльянтам. У снежнай завеі гарэлі алмазам Старыя крамлёўскія вежы. Колас.

2. ‑а. Тонкі асколак гэтага каменя, устаўлены ў аправу з дзяржаннем, прыстасаваны для рэзання шкла; шкларэз.

[Цюрк.]

алма́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да алмазу (у 1 знач.). Алмазныя россыпы. Алмазны бляск. // Зроблены з алмазу (алмазаў); упрыгожаны алмазам. Алмазныя каралі. Алмазная шпілька.

алма́зчык, ‑а, м.

Спецыяліст па вырабу алмазаў (у 1 знач.).

ало́, выкл.

Разм. Тое, што і алё.

ало́вак, алоўка, м.

Тое, што і карандаш. Чорны аловак. Хімічны аловак. Каляровыя алоўкі.

ало́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да алоэ. Алойны сок. Алойны ліст.