Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

алізары́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да алізарыну. // Зроблены з алізарыну. Алізарынавыя фарбы. Алізарынавае чарніла.

алілу́йшчык, ‑а, м.

Іран. Чалавек, які празмерна ўсхваляе каго‑, што‑н., наносячы гэтым шкоду справе.

алілу́йшчына, ‑ы, ж.

Іран. Празмернае ўсхваленне каго‑, чаго‑н.

алілу́я, выкл.

Хвалебны малітоўны выгук у набажэнствах іудзейскай і хрысціянскай рэлігій. / у знач. наз. алілу́я, нескл. Спяваць алілуя.

[Грэч. alliluia ад стараж.-яўр. halelü Jah — хваліце Іегову.]

аліме́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да аліментаў. Аліментныя справы ў судзе.

аліме́нтшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто плаціць аліменты.

аліме́нтшчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жанчына, якая плаціць аліменты.

аліме́нты, ‑аў; адз. няма.

Сродкі, якія выплачваюцца на ўтрыманне непрацаздольных дзяцей ці бацькоў асобамі, якія звязаны з імі адносінамі роднасці. Плаціць аліменты, Атрымліваць аліменты. Закон аб аліментах.

[Ад лац. alimentum — утрыманне, харчаванне.]

алі́мп, ‑а, м.

1. (З вялікай літары). Гара ў паўночнай Фесаліі, на якой, паводле вераванняў старажытных грэкаў, жылі багі; зборышча багоў.

2. Жарт. і іран. Пра абраннікаў якога‑н. грамадства. Літаратурны алімп.

[Грэч. Olympus.]

алімпі́ец, ‑пійца, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — бог, жыхар Алімпа.

2. Пра чалавека з урачыста важным, велічна спакойным абліччам.

3. Удзельнік алімпійскіх гульняў.