Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

алжы́рцы, ‑аў; адз. алжырац, ‑рца, м.; алжырка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн.; алжырцы, ‑рак; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Алжыра.

а́лібі, нескл., н.

Знаходжанне абвінавачанага ў момант, калі адбывалася злачынства, у другім месцы, як доказ невінаватасці ў злачынстве.

[Лац. alibi — дзе-небудзь у іншым месцы.]

алі́ва, ‑ы, ж.

1. Вечназялёнае паўднёвае дрэва сямейства маслінавых; масліна. Дык няхай гучыць над светам слова, Слова гневу ходзіць па зямлі, Каб пад сонцам цвіў мой край сасновы І алівы вашыя цвілі!.. Рудкоўскі.

2. Ядомы плод гэтага дрэва.

3. Алей, атрыманы з яго пладоў.

4. Змазачнае масла. [Пракоп:] Трактар каштуе вялікіх грошай: і сам ён дарагі, і бензін аплаціць трэба, аліву. Колас. У ваччу яшчэ стаялі высокія сцены, чорныя з жаўтаватым водлівам, машынная аліва на жалезных прэнтах і калёсах. Чорны.

[Лац. oliva.]

аліві́н, ‑у, м.

Сілікат магнію і жалеза; паўкаштоўны камень зеленаватага колеру розных адценняў.

[Ад лац. oliva — масліна.]

аліга́рх, ‑а, м.

1. У антычныя і сярэдневяковыя часы — член алігархічнага ўрада.

2. Прадстаўнік буйнога манапалістычнага капіталу.

алігархі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да алігархіі. Алігархічны лад. Алігархічнае кіраўніцтва.

аліга́рхія, ‑і, ж.

1. У антычныя часы і сярэдневякоўе — дзяржаўны лад, заснаваны на панаванні невялікай групы найбольш багатых і знатных асоб, а таксама пануючая група. Венецыянская алігархія.

2. перан. Палітычнае і эканамічнае панаванне невялікай групы імперыялістаў, прадстаўнікоў буйнога манапалістычнага капіталу. Фінансавая алігархія.

[Грэч. oligarchia — улада нямногіх.]

аліга́тар, ‑а, м.

Тупарылы кракадзіл, які водзіцца ў Паўночнай Амерыцы і Пауднёвым Кітаі. Місісіпскі алігатар. Кітайскі алігатар.

[Англ. alligator з ісп. el lagarto — яшчарка.]

алігафрэнапедаго́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.

Навука пра выхаванне, навучанне і шляхі карэкцыі недахопаў развіцця разумова адсталых дзяцей і дзяцей, у якіх пасля энцэфаліту, менінгіту і інш. хвароб і траўмаў мозгу парушылася дзейнасць цэнтральнай нервовай сістэмы.

алізары́н, ‑у, м.

Фарбавальнае рэчыва, якое вырабляецца з карэння марэны або з мінералаў. Чырвоны алізарын.

[Фр. alisarine з араб.]