Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пе́люшцы, ‑аў; адз. няма.

Закраіны ў начоўках.

пе́мза, ‑ы, ж.

Лёгкая порыстая горная парода вулканічнага паходжання.

пемзабето́н, ‑у, м.

Бетон з прымессю дробнай пемзы.

пемзава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пемзаваць.

пемзава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пемзаваць.

пемзава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да пемзаваць.

пемзава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., што.

Спец. Чысціць, шліфаваць пемзай.

пе́мзавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пемзы. Пемзавы пыл.

пе́на, ‑ы, ж.

1. Непразрыстая, лёгкая пузырыстая маса, якая ўтвараецца на паверхні некаторых вадкасцей ад калыхання, узбоўтвання, награвання, браджэння і пад. Хвалі раўнамерна набягаюць на бераг, пакідаючы на пяску пушыстыя шматкі белай пены. В. Вольскі. Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену. Шамякін. [Пан] Застаўляе стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала.

2. Пузырыстая лёгкая маса, утвораная растворам мыла. Мыльная пена. // перан. Што‑н. вельмі лёгкае, падобнае на такую масу. Сяджу на пні. Ногі па калені тонуць у ружовай пене верасу. Ігнаценка.

3. Пот у выглядзе белых камякоў, які выступае ад стомленасці ў некаторых жывёлін. // Густая белаватая з пузыркамі сліна, якая выступае на губах пры некаторых хваробах, моцным хваляванні і пад.

•••

З пенай на губах — у гневе, шаленстве, раз’юшанасці.

пена...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая 1) адпавядае па значэнню слову «пена», напрыклад: пенагенератар, пенатушыцель; 2) надае слову значэнне: атрыманы шляхам змешвання з пенай, напрыклад: пенабетон, пенашкло, пенапласт.