пейза́ж, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Агульны выгляд якой‑н. мясцовасці, краявід. Лясны пейзаж. Пейзаж позняй восені. □ Парадзеў, рассунуўся цяжкі і сляпы змрок, выпускаючы з свае няволі тонкія празрыстыя абрысы зімняга пейзажу. Колас. Але мы ішлі, ішлі. Прыгнятаў яшчэ бясконца аднастайны пейзаж. С. Александровіч.
2. ‑а. Малюнак краявіду. Выстаўка пейзажаў вядомага мастака. Намаляваць пейзаж. // Апісанне краявіду ў творах мастацкай літаратуры. Палескія пейзажы ў творах Я. Коласа. □ Пейзажы ў літаратурных твораў выхоўваюць у чытачоў любоў да роднай прыроды і айчыны, вучаць бачыць і адчуваць красу лясоў, палёў, рэк і азёр. А. Макарэвіч.
3. ‑а. Адзін з жанраў мастацкага жывапісу. Лірычны пейзаж. Індустрыяльны пейзаж.
[Фр. paysage.]
пейза́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пейзажа, пейзажу. Пейзажныя замалёўкі. □ Вяршыняй пейзажнай лірыкі паэта [М. Багдановіча] і сталі яго вершы, поўныя паэтывацыі велічнага яднання чалавека, узнёслага душой і думкамі, з «чароўным царствам» зразуметай ім прыроды. Лойка.
пейзажы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Мастак — майстар пейзажа.
пейзажы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да пейзажыст.
пейза́н, ‑а, м.
Селянін, які паказаны ідылічна ў мастацкай літаратуры, жывапісе, тэатры 18–19 стст. А жанчыны спявалі. А я глядзеў на іхнія прыгожыя твары, на іх ільняныя або чорныя як смоль (сярэдняга не было) косы, на іхнія ўборы і думаў, што гэта дзіва як добра. Таму што гэтыя шнуроўкі і андаракі былі не ад оперных пейзан у лапціках, а было гэта заўсёды так. Караткевіч.
пейза́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да пейзан.
пейза́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пейзана, належыць, уласцівы яму. Пейзанскія касцюмы.
пек, ‑у, м.
Спец. Густое вязкае або цвёрдае рэчыва чорнага колеру, якое застаецца пасля перагонкі дзёгцю або смалы.
пека́н, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Дрэва сямейства арэхавых з масляністымі пажыўнымі пладамі і каштоўнай драўнінай; амерыканскі арэх. / ‑у. у знач. зб. Зараснікі пекану.
2. ‑а. Ядомы плод гэтага дрэва ў выглядзе арэха.
3. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.
пекану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.
Разм.
1. каго, каму і без дап. Параніць, прычыніць боль чым‑н. распаленым, жыгучым. Пекануць агнём. Пекануць крапівой. □ Не паспеў я і вокам міргнуць, як адна аса пеканула мяне проста ў брыво. Якімовіч. // Абдаць жарам; прыпячы. У твар .. [Арсену] пеканула чырвань ці то ад злосці, ці то ад сораму. Сабаленка. // перан. Імгненна ўзрушыць чым‑н. Пекануць позіркам. □ [Леапольд Гушка] адвык думаць пра ватага чалавека, а цяпер гэтае аблічча пеканула яму ў сэрца. Чорны.
2. каго і без дап. Моцна выцяць, агрэць. Пекануць бізуном па спіне.
3. Востра, моцна пранізаць, адчуцца (пра боль). Паспрабаваў падняцца і не здолеў — у левай назе пекануў боль. Шамякін. // безас. Пра адчуванне вострага, нясцерпнага болю. — У левы локаць так пеканула, што думалася — рука адляцела. Алешка.
4. Выстраліць; пальнуць. Быццам па ваўках, дзед звыкла Пекануў з драбавіка. Астрэйка. Я спыніўся, паглядаючы на шарака і падумаў: а што калі зайсці з боку кустоў ды адтуль пекануць касому. Ляўданскі.
5. перан.; што і без дап. Сказаць рэзка, прама што‑н. непрыемнае, непажаданае; упікнуць; абразіць. — А захваліць мы не захвалім, старшыня. Заслужыце, і благое ў вочы пеканём. Пальчэўскі. А раўнаваў Косця Гену да справы. І гаварыў яму ў вочы, што думаў. Па праву партызанскай дэмакратыі. Сёння — там, у сямейным лагеры, — таксама пекануў. Брыль.