пе́кар, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца выпечкай хлеба; хлебапёк. — Чаго панікаваць? Іншы раз і ў пекара са стала хлеб зводзіцца. Гроднеў.
пе́кла, ‑а, н.
1. Паводле рэлігійна-містычных уяўленняў — месца, дзе церпяць вечныя пакуты душы памёршых грэшнікаў. Хто курыць, таго да пекла тураць, а хто нюхае, той сам да пекла трухае. Прыказка. // Разм. Вельмі моцная гарачыня, спёка.
2. перан. Месца, дзе адбываюцца небяспечныя, жахлівыя падзеі. Пекла вайны. □ Народ ішоў, каб уцячы з пекла, у якім апынуўся горад. Гурскі. // Нясцерпныя ўмовы жыцця. У панурым у пекле астрожным Засталася ты [Вера Харужая] непераможнай. Танк. Марылін Манро нейкім цудам пашанцавала выжыць у гэтым пекле эксплуатацыі, нажывы і бізнесу. Новікаў.
пекната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
Разм. Уласцівасць пекнага; прыгажосць. Лёс табе даў пекнату чараўнічую, дасць ён, напэўна, і шчасце вялікае. Дубоўка. Хто тварэц жыцця людскога, Волі, шчасця, пекнаты? Хто кладзе к жыццю дарогу? Ведай, моладзь, гэта — ты! Чарот.
пе́кны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Прыгожы. Пекныя ўзоры Тчэ кляноў задумны лістапад. Куляшоў. Панна Анэта мела чорныя, вельмі зваблівыя вочы і яшчэ больш зваблівыя, пекныя вусны. Сачанка.
п’е́ксы, ‑аў; адз. ‑п’екса, ‑ы, ж.
Лыжныя спартыўныя чаравікі з загнутымі ўверх насамі.
[Фін. pieksu.]
пекці́навы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае ў сабе пекцін або з’яўляецца састаўной часткай пекціну.
пекці́ны, ‑аў; адз. пекцін, ‑у, м.
Група арганічных рэчываў, якія змяшчаюцца ва ўсіх раслінных арганізмах, галоўным чынам пладах і караняплодах. // толькі адз. Клейкае рэчыва раслінных арганізмаў, якое выкарыстоўваецца ў асноўным у харчовай прамысловасць (для вырабу жэле, джэмаў і пад.).
[Грэч. pēktós — зацвярдзелы.]
пела́гра, ‑ы, ж.
Спец. Захворванне, якое выклікаецца недахопам у арганізме нікацінавай кіслаты.
[Ад іт. pelle agra — шурпатая скура.]
пеларго́нія, ‑і, ж.
Паўднёвая расліна сямейства гераніевых з моцна пахучымі лісцямі, каляровымі кветкамі і падоўжнымі пладамі, якія па форме нагадваюць бусліную дзюбу; вырошчваецца і як дэкаратыўная расліна.
[Ад грэч. pelargos — бусел.]
пе́ленг, ‑а, м.
Спец. Вугал паміж плоскасцю мерыдыяна назіральніка і вертыкальнай плоскасцю, якая праходзіць праз пункт і аб’ект назірання; азімут.
[Гал. peiling.]