пе́нны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і пеністы (у 1 знач.). Пеннае віно. Пенны вогнетушыцель. □ Параход, пакідаючы ззаду шырокую пенную паласу, ужо даплыў аж да павароту ракі. Краўчанка. Прыцямнела. Поплаў заліло пенным туманам. Капыловіч.
пенс, ‑а, м.
Манета, роўная 1/12 шылінга; пені.
[Англ. pence (мн. ад penny), ад лац. pendere плаціць.]
пенсіённы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пенсіі; звязаны з пенсіяй. Пенсіённая кніжка. Пенсіённая каса.
пе́нсія, ‑і, ж.
1. Перыядычнае, звычайна штомесячнае, грашовае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і пад. [Даніла Сцяпанавіч Карнееў] атрымліваў ад дзяржавы пенсію і карыстаўся агульнай павагай з боку аднавяскоўцаў. Залескі.
2. Уст. Заработная плата.
•••
Персанальная пенсія — пенсія асобным грамадзянам СССР за асаблівыя працоўныя і інш. заслугі, якая прадугледжвае пэўныя льготы.
Выйсці на пенсію гл. выйсці.
[Ад лац. pensio — плацеж.]
пенсіяне́р, ‑а, м.
Чалавек, які атрымлівае пенсію. Калі Міхал пачуў, што Варакса захварэў, ён не марудзячы накіраваўся да старога пенсіянера. Карпаў.
•••
Персанальны пенсіянер — той, хто атрымлівае персанальную пенсію.
пенсіяне́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да пенсіянер.
пенсіяне́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пенсіянера.
пенснэ́, нескл., н.
Акуляры, якія не маюць дужак і трымаюцца на пераноссі пры дапамозе спружынкі. На пераноссі яго [Сякерына] шылаватага носа немаведама як трымалася, зачапіўшыся залатым павучком, пенснэ, ад левага шкельца якога для страхоўкі быў перакінуты тоненькі залаты ланцужок, які бліскучай дужкай чапляўся за вуха. Сабаленка.
[Фр. pince-nez.]
пентагра́ма, ‑ы, ж.
Спец. Правільны пяцівугольнік, на ўнутраных баках якога пабудаваны раўнабедраныя трохвугольнікі аднолькавай вышыні.
[Ад грэч. pénte — пяць і grámma — лінія.]
пента́метр, ‑а, м.
Спец. Пяцістопны вершаваны размер.
[Грэч. pentametron.]