пентаметры́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да пентаметра.
пента́эдр, ‑а, м.
Спец. Пяціграннік.
[Ад грэч. pente — пяць і hedra — аснова.]
пень, пня, м.
1. Ніжняя частка ствала з каранямі, якая застаецца ад спілаванага, ссечанага або зламанага дрэва. [Жонка] разам з сынам распаліла агеньчык на тым месцы, дзе некалі расла груша, а цяпер тырчаў з зямлі абгарэлы пень, паставіла чыгун з бульбай. Сіўцоў. [Жанчына:] — А вось у Шацілкі прыехалі: ні пала ні двара. У палатцы жылі, рыдлёўка і сякера — найпершыя машыны: пні карчавалі. Дадзіёмаў.
2. Адно дрэва будаўнічага лесу. [Цесць:] — Можа б у земаддзеле пнёў колькі лесу далі, як хутаранцу? Кажуць, даюць цяпер на будоўлю. Лобан. // Ствол дрэва. Адны з іх [асколкаў] тонка, як пчолы, звінелі па версе, збіваючы галінкі і лісце, другія .. злосна чокалі, уядаючыся ў галлё і пні. Брыль.
3. перан. Пра бесталковага, абыякавага да ўсяго чалавека.
•••
Валіць цераз пень калоду гл. валіць.
Глухі як пень гл. глухі.
На пень брахаць гл. брахаць.
На пні — пра не зрэзанае (лес, збожжавыя расліны і пад.). Пажаўцела поле. Збожжа ссыхалася на пні. Бядуля. — Ну, якая ўжо там грэчка! — Брат малодшы кажа: — Ветрам выдзьме! Не паспеўшы, Уся на пні паляжа. Колас.
Стаяць (сядзець) як пень гл. стаяць.
Цераз пень калоду — дрэнна, абы як (рабіць што‑н.).
пеньказаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Завод, які перапрацоўвае пяньку.
пенькапрадзе́нне, ‑я, н.
Выраб пражы з пяньковага валакна.
пенькапрадзі́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пенькапрадзення. Пенькапрадзільны станок. Пенькапрадзільная вытворчасць.
пенькапрадзі́льшчык, ‑а, м.
Рабочы пенькапрадзільнай вытворчасці.
пенькапрадзі́льшчыца, ‑ы, ж.
Жан. да пенькапрадзільшчык.
пенькатрапа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да трапання пянькі; прызначаны для трапання пянькі. Пенькатрапальная машына.