Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акулі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Урач, спецыяліст па хваробах вачэй.

[Фр. oculiste ад лац. oculus — вока.]

аку́льтны, ‑ая, ‑ае.

У містычных вучэннях і ўяўленнях — звышнатуральны, таемны, звязаны з так званым «тым светам».

[Ад лац. occultus — схаваны, тайны.]

акульту́рванне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. акультурваць — акультурыць і акультурвацца — акультурыцца.

акульту́рвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да акультурваць.

акульту́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да акультурыць.

акульту́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Зрабіць прыгодным для вырошчвання сельскагаспадарчых раслін. Акультурыць глебу.

2. Ператварыць дзікую расліну ў культурную. Акультурыць лясную яблыню.

акульты́зм, ‑у, м.

Агульная назва містычных вучэнняў, якія сцвярджаюць, быццам у прыродзе існуюць таямнічыя, звышнатуральныя сілы, з якімі людзі нібыта могуць уступаць у зносіны пры дапамозе магічных дзеянняў, заклінанняў і пад.

[Ад лац. occultus — схаваны, тайны.]

акуля́р, ‑а, м.

Шкло ў аптычнай прыладзе, якое накіравана да вока назіральніка. Акуляр перыскопа.

[Ад лац. ocularus — вочны.]

акуля́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да акуляраў (у 1 знач.). Акулярнае шкло.

акуля́ры, ‑аў; адз. няма.

1. Аптычная прылада з двух шкельцаў з аглабелькамі. Служыць для выпраўлення недахопаў зроку або засцярогі вачэй ад пашкоджанняў. Ад шкельцаў акуляраў, як ад люстэрак, па траве скакалі сонечныя зайчыкі. Хомчанка. У пісара былі чорныя вусы, праўда, кароткія, і рэзка азначанае месца барады, заросшае кароткаю густою шэрсцю, невялікі задзёрты нос і прыплюшчаныя блізарукія вочы, прыкрытыя цёмнымі акулярамі. Колас.

2. Кружок больш светлай або цёмнай афарбоўкі вакол вачэй у жывёл.

•••

Акуляры наставіць гл. наставіць.

Глядзець праз ружовыя акуляры гл. глядзець.