Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пасціна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Пазразаць, пассякаць усё, многае. Журба, амаль непрыкметная, ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой. Караткевіч.

пасціра́цца, ‑аецца; зак.

Сцерціся — пра ўсё, многае. Пасціраліся і абцёрліся вуглы ў гармоні, ахрыплі галасы некаторыя. Лынькоў.

пасціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Сцерці ўсё, многае. [Вера] пасцірала пыл, з шафы падаставала ўсялякія рэчы, якія ўпрыгожвалі калісьці гэтую ўтульную кватэру: сурвэткі, вазы, статуэткі. Мікуліч.

пасціска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Сціснуць усё, многае або ўсіх, многіх. Пасціскаць бярвенне дротам.

пасціха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Сціхнуць — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Пасціхалі галасы.

па́сціцца, пасецца; незак.

Тое, што і пасвіцца. Пасціўся перад алешнікам спутаны конь. Мележ.

па́сціць, ‑су́, ‑се́ш, ‑се́; ‑сём, ‑сяце́; незак., каго-што.

Тое, што і пасвіць. Мотрык пасціў каня на ўзбалотку. Мележ.

пасці́ць, пашчу́, по́сціш, по́сціць; незак.

Прытрымлівацца посту ​2, устрымлівацца ад скаромнай ежы. [Маці:] — Ты ж толькі першы тыдзень пасціў, а на другі ўжо і не вытрываў. Паеў заскваранага булёну, у паездцы. Ус. // перан. Разм. Наогул устрымлівацца ад чаго‑н.

пасцэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Сцадзіць усё, многае.

пасцяба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пасцёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Пабіць (пугай, дубцом і пад.).

пасцяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Тое, што і пасцягваць. Гуменца, крытае саломай, Ад доўгіх часаў пасівела, Салома кудламі вісела, Яе вятры параздзімалі, А трохі хлопцы пасцягалі, На стрэху лазячы, бывала. Колас.