пасу́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасушыць.
2. у знач. прым. Які высах, сухі. На хвалях, што разыходзіліся ад бартоў, гойдалася пасушаная трава — мусіць, недзе ўначы пазносіла вадой копы. Чыгрынаў.
пасушы́цца, ‑сушуся, ‑сушышся, ‑сушыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Высушыцца — пра ўсё, многае.
2. Сушыцца некаторы час. — Вунь у тым пакоі грубка гарыць, пасушыцца можна. Новікаў.
пасушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., што.
1. Высушыць, перасушыць усё, многае. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені, Пасушыла вільгаць, росы, Распусціла ў небе косы. Колас.
2. Сушыць некаторы час. [Акцызнік:] — Можна і чаравічкі скінуць ды пасушыць, каб ногі не прэлі на пасецы, каб нагам здаравей было. Пташнікаў.
пасушэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца сухім, сушэйшым. Сена пасушэла. / у безас. ужыв. Раптам пасушэла. Ногі патанулі ў пяску, мы пачалі ўзбірацца на ўзгорак. Лупсякоў.
2. перан. Пахудзець. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ.
па́сха, ‑і, ж.
Салодкая ежа з тварагу ў выглядзе невялікай чатырохвугольнай піраміды, якая прыгатаўляецца да вялікадня. Тварожная пасха.
пасхіля́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑яецеся, ‑яюцца; зак.
Схіліцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Вучні пасхіляліся над сшыткамі.
пасхіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Схіліць усіх, многіх або ўсё, многае. Народ гуртам стаяў каля вырытай свежай магілы, людзі пасхілялі галовы. Гурскі.
пасхо́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся, ‑дзяцца; зак.
Сысціся — пра ўсіх, многіх. І вось, бывала, пан прыкажа — Сюды пасходзіцца ўся стража І робіць цэлую параду. Колас.
пасхо́дзіць, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.
Сысці — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. [Максім:] — Трымалі доўга не за тое, што я вялікі чалавек, а таму, што моцна скатавалі. Не хацелі людзям паказваць збітага на горк[і] яблык. А калі трохі зажыло, пасходзілі сінякі, мяне і перавялі сюды. Машара.
пасце́ль, ‑і, ж.
1. Тое, што падсцілаецца для спання, спальныя рэчы. Паслаць чыстую пасцель. □ [Аксеня Арцёмаўна] прынесла з сабою ў арцель конаўку, чыгун, міску і лыжкі, пасцель. Місько. // Месца для спання, пасланы ложак. Прыйшоўшы позна ўвечары з заняткаў, Марыя адразу клалася ў пасцель і накрывалася з галавою. Кулакоўскі. [Жанчына] слала на падлозе пасцель — прывабліва шалясцела сена. Мележ.
2. Спец. Частка вырабу ці якой‑н. прылады, на якой размяшчаецца што‑н. Пасцель падшыпніка.