пану́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Апусціць галаву, паныла схіліцца. Антон быў прыкметна расчараваны сённяшнім паляваннем, панурыўся і ішоў моўчкі амаль усю дарогу. Ляўданскі.
пану́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Паныла схіліць галаву, апусціць вочы ўніз. — Цяжка? — з іроніяй спытала .. [Маша], і.. [Максім] вінавата панурыў галаву. Шамякін. Федзя панурыў вочы і маўчаў. Няхай.
пану́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад панаваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які мае ўладу, знаходзіцца на чале ўлады. Пануючыя класы.
3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пераважае; найбольш распаўсюджаны. З борта самалёта лёгка панесці на карту не толькі занятыя лесам плошчы, але і вызначыць пануючыя пароды, узрост і якасць лясоў, горы, балоты, высечкі... Гавеман.
4. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які ўзвышаецца над чым‑н. Рота капітана Батурына заняла рубеж якраз насупраць пануючай вышыні. Сіняўскі.
5. Дзеепрысл. незак. ад панаваць (у 1, 4 знач.).
панца́к, ‑у, м.
Абл.
1. Круглыя ячныя крупы. У печы з панцаку варыцца калядная куцця. Васілевіч.
2. Суп з такіх круп. [Бацька] сёрбаў забелены панцак. Дамашэвіч.
панцёр, ‑а, м.
У картачных гульнях — той, хто панціруе. Панцёры па чарзе называлі стаўкі.
панці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
У картачнай гульні — рабіць стаўку супраць банка.
[Ад фр. ponter.]
па́нцыр, ‑а, м.
1. Адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсне крэмень... І хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Труны царскіх слуг, ваякаў... Танк. // перан. Аб чым‑н. цвёрдым, што пакрывае што‑н. Гіпсавы панцыр. □ Цвёрды, як сталь, панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок — беленькі, далікатны! Карпюк.
2. Цвёрдае покрыва тулава ў некаторых жывёл (кракадзілаў, чарапах, ранаў). Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр. Маўр.
3. Металічная абшыўка ваенных караблёў, паяздоў; браня. Панцыр крэйсера.
4. Вадалазны скафандр для работы на вялікіх глыбінях.
[Ням. Panzer.]
па́нцырны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да панцыра (у 1 знач.), з’яўляецца панцырам. Панцырныя даспехі.
2. Які мае адносіны да панцыра (у 2 знач.); які пакрыты панцырам. Панцырныя рыбы.
3. Зроблены з металічных кольцаў, якія ўваходзяць адно ў другое. Ложак з панцырнай сеткай.
4. Спец. Пакрыты металічнай абшыўкай, бранёй.
5. Які мае адносіны да панцыра (у 4 знач.). Панцырны скафандр.
6. Які мае цвёрдае покрыва (пра плады некаторых раслін). Панцырныя сарты сланечніку.
панцюркі́зм, ‑у, м.
Шавіністычная дактрына турэцкіх рэакцыйных буржуазна-памешчыцкіх колаў, якая ставіць сваёй мэтай аб’яднаць пад уладай Турцыі ўсе народы, што гавораць на цюркскіх мовах.
панчо́хі, ‑чох; адз. панчоха, ‑і, ДМ ‑чосе, ж.
1. Выраб машыннага або ручнога вязання, які надзяваецца на ногі і заходзіць за калені. Панчохі прамоклі, і вы адчуваеце, як непрыемна абляпілі яны вашы ногі... Васілевіч.
2. перан. Поўсць іншага колеру, якая пакрывае ніжнюю частку ног каня або іншай жывёлы.