Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паню́х, ‑у, м.

У выразе: ні за панюх табакі — тое, што і ні за нюх табакі (гл. нюх).

паню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Зак. да нюхацца.

паню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Зак. да нюхаць (у 1, 2 знач.).

паню́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Невялікая колькасць табакі, разлічаная на адзін нюх.

па́ня, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і пані. Пан, аддаўшы загад аканому, ехаў з паняю баляваць у бліжэйшы маёнтак. Чарот.

паняве́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Няпэўны стан, сумненне, нерашучасць. У гэтым пісьме.. [Ганна] сумысля націскала на сваю трагедыю, на слёзы, на горыч паняверкі і расчаравання. Чорны.

паняво́лі, прысл.

Насуперак жаданню, па неабходнасці. — Паняволі будзеш пасціць, калі ў кубле пуста. Чарнышэвіч. [Марыля:] Як бы там сабе ні было, а нам трэба думаць, як далей жыць. Паняволі мусім сабе даваць якую раду. Купала.

панядзе́лак, ‑лка, м.

Першы дзень тыдня пасля нядзелі.

паняме́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.

Анямець — пра ўсіх, многіх. Смех, пабочныя гаворкі як абарваліся. Жанчыны нібы панямелі. Сабаленка.

паня́ньчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак., з кім-чым.

Разм. Няньчыцца некаторы час. Паняньчыцца з малым. □ На ўсіх палетках зазелянела, акрыяла кукуруза, але сэрца падказала Тасі Кабрынец, што яшчэ давядзецца паняньчыцца з ёю. Бялевіч.