пану́дзіць, ‑дзіць; безас. зак.
Нудзіць (у 1 знач.) некаторы час.
панука́нне і пану́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. панукаць, панукваць, а таксама гукі, словы, якія суправаджаюць гэтае дзеянне. Гракі, вароны чарадою За свежай ходзяць баразною. Вясёлы шум і пануканне Чутны да самага змяркання. Колас. Сям-там блісне агеньчык цыгаркі ды прагучыць нуднае панукванне. Хведаровіч.
панука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пану́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго. Прымушаць рабочую жывёлу рухацца хутчэй; нокаць. Чорныя, закураныя цыганы — старыя і маладыя — у клёшных штанах, запыленых хромавых ботах, паважна крочаць узбоч вазоў, панукаюць гладкіх коней. Навуменка. — Но-но, маленькі! — па-гаспадарску клапатліва панукваў.. [Ваня] каня. Паўлаў. // перан.; каго і без дап. Падганяць каго‑н. у рабоце. Хлопцы добрыя, не трэба панукаць. І справу ведаюць... Мыслівец.
2. перан.; кім і без дап. Дэспатычна распараджацца, не лічыцца з кім‑н.; папіхаць. [Касперскі:] Доўга блукаў я па свеце і такі знайшоў шчасце — у калгасе. Цяпер я чалавек! Ніхто мною не панукае. Гурскі.
пану́ра,
1. Прысл. да пануры.
2. безас. у знач. вык. Змрочна, непрыветліва. У маёнтку было ціха, панура і неяк безнадзейна, як у турэмным двары. Чарнышэвіч.
пану́расць, ‑і, ж.
Стан панурага. Вочы.. [селяніна] праясніліся, панурасць і заклапочанасць зніклі з твару. Колас. Надзвычайна ўрачыстымі здаваліся дрэвы ў густым бары, паскідаўшыя снегавыя шапкі і зімовую панурасць. Лынькоў.
пану́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да панурыць.
пану́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Непрыветлівы, хмурны, суровы (пра чалавека). Характарам Аркадзь быў другі: не маўклівы і пануры, а гаваркі чалавек. Капыловіч. Дзед зрабіўся больш пануры, пазіраў на свет нейкімі непрытомнымі вачыма. Якімовіч. // Які выражае хмурнасць, суровасць. Пануры погляд. □ Твар у.. [Кашына] быў, як і заўсёды, пануры, можа толькі крыху ўзрушаны. Карпаў.
2. перан. Які выклікае сваім выглядам цяжкае пачуццё, змрочны. Неба на ўсходнім баку, зацягнутае хмарамі, было цёмнае, панурае. Мележ. Паказаліся вясковыя хаты, панурыя, маўклівыя. М. Ткачоў. // Цяжкі, бязрадасны. Панурыя думкі.
3. З апушчанай галавой, панылы. Людзі разыходзіліся з пахавання панурыя, маўклівыя. Лынькоў. Пад скурай у.. [каня] ходарам хадзілі рэбры, галава была панурая. Чорны.
пану́рысты, ‑ая, ‑ае.
Хмурны, непрыветлівы, нелюдзімы (пра чалавека). Хадзіў.. [Андрэй Андрэевіч] грозны, панурысты. Лынькоў.