Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

панто́флі, ‑яў; адз. пантофель, ‑я, м. і пантофля, ‑і, ж.

Дамашнія туфлі, звычайна без заднікаў. [Свідраль] то лажыўся, то ўставаў і ўзрушана крочыў па пакоі ў мяккіх пантофлях. Дуброўскі. — Ты ж памерай толькі... — хоча ўсунуць Ганьчыну нагу ў пантофель дзядзька. Васілевіч. Нехта згубіў пантофлю, і яна валялася пасярэдзіне калідора. Арабей.

па́нты, ‑аў; адз. няма.

Маладыя, неакасцянелыя рогі высакародных або плямістых аленяў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу лекавых сродкаў. [Алені] высока трымаюць свае прыгожыя галоўкі ў каронах мяккіх сукаваценькіх пантаў. Грахоўскі.

[Манг.]

пантэі́зм, ‑у, м.

Філасофскае ідэалістычнае вучэнне, паводле якога бог атаясамліваецца з прыродай.

[Ад грэч. pan — усё і theōs — бог.]

пантэі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік пантэізму.

пантэі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да пантэіст.

пантэісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пантэістаў, пантэізму; уласцівы пантэістам, пантэізму. Пантэістычныя адносіны да прыроды.

пантэо́н, ‑а, м.

1. Старажытны грэчаскі або рымскі храм, прысвечаны многім багам. // Агульная назва ўсіх багоў у якой‑н. політэістычнай рэлігіі.

2. Спецыяльнае архітэктурнае збудаванне для пахавання выдатных дзеячоў. Праекты помнікаў і пантэонаў. Рымскі пантэон.

3. перан. Сукупнасць вартых памяці твораў мастацтва або літаратуры, фактаў гісторыі, імён. Наіўнае ўяўленне старажытных грэкаў, якія далі свету класічную паэзію чалавечага дзяцінства, стварылі пантэон герояў і багоў, надзяляючы іх найвышэйшымі якасцямі цела і духу. У. Калеснік.

4. Уст. Назва літаратурных зборнікаў з творамі розных жанраў.

[Грэч. pantheon, ад pan — усё і theōs — бог.]

пантэ́ра, ‑ы, ж.

Тое, што і барс.

[Грэч. panthēr.]

пану́джваць, ‑ае; безас. незак.

Час ад часу нудзіць (у 1 знач.). З самага рання штосьці пануджвае.

панудзі́цца, ‑нуджу́ся, ‑ну́дзішся, ‑ну́дзіцца; зак.

Нудзіцца некаторы час. Прысядуць неяк квола на лаўцы чалавек колькі дзяўчат, каб панудзіцца, падзяліцца дзявочай журбой. Скрыган.