абдымі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго-што.
Абдаць дымам. Абдыміць пчол. // Пакрыць сажай, закуродыміць; задыміць. Абдыміць хату.
абды́мкі, ‑аў; адз. няма.
Ахопліванне рукамі каго‑н. (выказваючы пачуцці радасці, замілавання і пад.). Людзі кінуліся да Васіля Іванавіча, ледзь не заціснулі.. у абдымках, падхапілі на рукі. Лынькоў.
•••
З распасцёртымі абдымкамі — з радасцю, прыветна (сустрэць, прыняць і пад.).
Кідацца (кінуцца) у абдымкі гл. кінуцца.
Схапіць у абдымкі гл. схапіць.
абды́млены, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты куродымам, пачарнелы ад сажы. Абдымлены комін тырчыць, як вяха, Як здань, вызірае з імглы. Купала.
абды́мны, ‑ая, ‑ае.
Які ахоплівае што‑н.; накіраваны з некалькіх бакоў. Абдымныя аперацыі праціўніка.
абе́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Тое, што і абабегаць (у 3, 4 знач.). Абегаў Уладзя ручавіну, І клін, і пасечку, лагчыну. Колас.
абе́глы,
У выразе: абеглы погляд гл. погляд.
абе́гчы, абягу, абяжыш, абяжыць; абяжым, абежыце; зак., каго-што.
Тое, што і абабегчы.
абе́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Яда сярод дня; полудзень. Абед пачынаецца ў гадзіну дня. Запрасіць на абед. // Форма прыёму гасцей з нагоды якой‑н. урачыстасці. Даць абед. Званы абед.
2. Ежа для спажывання ў абедзенны час. Абед з трох страў. Смачны абед. Вегетарыянскі абед.
3. Час, у які звычайна абедаюць; абедзенны перапынак. Настаў абед. Прайшоў абед.
•••
Лукулаўскі абед — вельмі багаты абед.
Царскі абед — вельмі багаты, пышны абед.
абе́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Есці ў абедзенны час; есці абед. Зараз у сталоўцы магло свабодна абедаць чалавек сорак. Колас. Ніхто не ведае, як сірата абедае. Прыказка.