палы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Лыпнуць некалькі разоў; лыпаць некаторы час. Цярэшка палыпаў вачыма, павярнуўся да аднаго, да другога, нібы бачыў іх [мужчын] першы раз. Грахоўскі.
палысе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў лысым; аблыселы. Бацька спаў, і Сяргей убачыў на падушцы яго палыселую, з высокім пакатым ілбом галаву і зарослы густою шчэццю твар. Сіўцоў.
палысе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. палысець.
палысе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць лысым; аблысець. Хто памятае.. [Астаповіча].., расказваюць цяпер, што ён.. адразу нейк пачаў выдавацца як бы раптоўна пастарэлым. Бадай што зусім палысела яго галава і пасівелі вусы. Чорны.
палыха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. палыхаць.
палыха́ць, ‑ае; незак.
1. Гарэць зыркім, яркім полымем. З раніцы да вечара палыхалі горны ў кузні. Хадкевіч. Над горадам палыхалі пажары. Дудо. // Вылучаць жар, веяць гарачынёй. Гарачым цяплом палыхала ад топкі. Лынькоў. // перан. Аб моцным, бурным праяўленні чаго‑н. Над светам палыхала ўжо вялікая вайна. Навуменка.
2. Свяціцца яркім святлом. Па-ранейшаму палыхаў захад, а далёка ў вёсцы спявалі дзяўчаты і часам парыпваў гармонік. Лупсякоў. Паўнеба на захадзе палыхала вялізным зарывам. Лынькоў.
палыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да палыхаць.
пальба́, ‑ы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. паліць 1 (у 5 знач.), а таксама гукі, якія ўтвараюцца пры гэтым дзеянні. Гарматы толькі выйшлі з бою І астываюць ад пальбы. Прыходзька. Адказваючы кароткімі чэргамі на бесперапынную пальбу немцаў, разведчыкі ўсё глыбей і глыбей спускаліся ў яр. Курто.
па́льма, ‑ы, ж.
1. Паўднёвае вечназялёнае дрэва з высокім прамым ствалом і кронай з перыстых або веерападобных лістоў. Разам з дубам, клёнам і вязам падымаліся пальмы. Маўр. Каля акна стаялі вагоны — фікус і пальма. Федасеенка.
•••
Какосавая пальма — высокая пальма з кольчатым ствалом і перыстым лісцем, якая дае плады ў выглядзе вялікіх арэхаў.
Фінікавая пальма — пальма з кронай вялікіх перыстых лістоў, якая дае салодкія плады — фінікі.
Пальма першынства — першае месца ў дасягненні чаго‑н. (ад звычаю ў старажытнай Грэцыі ўзнагароджваць пераможцу ў спаборніцтвах пальмавай галінкай або вянком).
[Лац. palma.]
па́льмавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пальмы, пальмаў. Пальмавы ліст. // Які складаецца з пальмаў (пра лес, парк і пад.). Цяпер і я сяджу у пальмавых алеях, Гляджу у даль і слухаю прыбой. Гурло. // Які зроблены, атрыманы з пальмы, яе пладоў. Пальмавы цукар. Пальмавае віно.
2. у знач. наз. па́льмавыя, ‑ых. Сямейства аднадольных раслін, якія растуць у тропіках і субтропіках.