Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

палу́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. палудзіць (у 1 знач.); луджэнне.

2. Сплаў волава са свінцом, які ўжываецца для пакрыцця металічных вырабаў; луда.

палу́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад палудзіць (у 1 знач.).

палудзі́ць, ‑луджу, ‑лудзіш, ‑лудзіць; зак., што.

1. Пакрыць паверхню металічнага вырабу палудай (у 2 знач.).

2. і без дап. Лудзіць некаторы час.

палу́днаваць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

Тое, што і абедаць; есці полудзень. [Сяргей] успомніў, што сёння наспех снедаў і зусім не палуднаваў. Адамчык. Дзядзька Коля разаслаў на зямлі каля камбайна плашч, злазіў на сядзенне і дастаў клуначак з харчамі. Мы селі палуднаваць. Хадкевіч. // Есці паміж абедам і вячэрай. Тут вячэраюць, а мы яшчэ не палуднавалі. Сташэўскі.

палуза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Злузаць усё, многае. Палузаць увесь баб.

2. і без дап. Лузаць некаторы час.

палу́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Лузаць час ад часу.

палу́каш, ‑а, м.

Пляцёны кораб, які ўстаўляецца ў драбіны воза або ў сані. — Чаго там сварыцца, жывіце здаровы. — Міша ўкінуўся ў палукаш і паехаў. Лобан.

палу́кашак, ‑шка, м.

1. Тое, што і палукаш. Бацька яшчэ на досвітку ўстаў, доўга ладзіў воз, паклаў палукашак, укінуў саломы, заслаў посцілкаю. Гурскі.

2. Палавіна палукаша (задняя або пярэдняя частка). Сівы конь у аглоблях паволі хрупаў канюшыну з пярэдняга палукашка. Брыль.

палу́ндра, выкл.

У мове маракоў і партовых грузчыкаў — вокрык, які ўжываецца ў значэнні «беражыся, падае зверху» або наогул перасцерагае аб небяспецы. Вокліч, як выстрал: «Палундра!» — Катэр злятае за борт. Звонак. // у знач. наз. палу́ндра, ‑ы, ж. Жартаўлівая назва маракоў наогул. [Сашка:] — Ты, палундра, чуеш? Як бы мне прышвартавацца да вашай праграмы? Гроднеў.

[Ад гал. val onder — падзенне ўніз.]

палупі́цца, ‑лупіцца; зак.

Разм. Трохі або поўнасцю аблупіцца. Фарба на сценах палупілася.