падскрэ́бвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падскрэбваць.
падскрэ́бваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падскрэбці.
падскрэ́бены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падскрэбці.
падскрэ́бці, ‑скрабу, ‑скрабеш, ‑скрабе; ‑скрабём, ‑скрабяце; пр. падскроб, падскрэбла і падскрабла, падскрэбла і падскрабло; зак., што.
1. Падчысціць што‑н. Падскрэбці падлогу.
2. і чаго. Наскрэбці дадаткова, яшчэ трохі. Падскрэбці бульбы.
падскуба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падскубці.
падску́бваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падскубці.
падску́бці, ‑скубу, ‑скубеш, ‑скубе; ‑скубём, ‑скубяце; пр. падскуб, ‑скубла; зак., што.
1. і чаго. Яаскубці дадаткова, яшчэ трохі.
2. Выскубваючы што‑н., падраўнаваць знізу. Падскубці воз з сенам.
падску́рны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца пад скурай. Падскурны слой тлушчу. Падскурная клятчатка.
падсле́дны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і паддопытны. Падследны насцярожана павярнуў галаву да сведкі. Шамякін. Абое падследных былі затрыманы непасрэдна на месцы замаху і зробленага не адмаўляюць. Мехаў.
падсле́дны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца пад следствам, паддопытны. Падследныя хуліганы. / у знач. наз. падсле́дны, ‑ага, м.; падсле́дная, ‑ай, ж. Напрактыкаваныя дэфензіўшчыкі адразу адчулі, што падследны страціў прытомнасць. Машара. А госць, што ўцёк, ты кажаш, Дык той — ні даць ні ўзяць — А быў упаўнаважан З мяне дазнанне зняць. Ну, ясна ж, ён з падследным За стол не мог сядаць. Зуёнак.
падслепава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які дрэнна бачыць, вельмі блізарукі. Хасан падносіў папяросу да падслепаватых вачэй, спачатку чамусьці нюхаў яе і толькі пасля ўжо прыкурваў. Даніленка. Іваніха выпрамілася, уважліва агледзела чалавека — яго няголены падслепаваты твар, худыя брудныя рукі. Лось.
2. перан. Які мала прапускае або дае святла. Невялікія падслепаватыя вокны скупа прапускалі святло, хоць на дварэ ва ўсю свяціла веснавое сонца. Колас. Побач тулілася зямлянка з адным падслепаватым акном. Асіпенка. У хаце блішчаў падслепаваты агеньчык. Гроднеў.