Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падслухо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падслухаць.

падсма́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падсмажыць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны смажаннем. [Мароз:] — Прыязджаем з Іванам Васільевічам — а там ужо стол з місай рыбы. Свежанькая, падсмажаная, масла на ёй кіпіць — смаката. Лобан. Падышла афіцыянтка. — Мне свіную адбіўную, з падсмажанай бульбай. Сабаленка.

падсма́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсмажваць — падсмажыць.

падсма́жвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падсмажыцца.

2. Зал. да падсмажваць.

падсма́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падсмажыць.

падсма́жыцца, ‑жыцца; зак.

Смажачыся, стаць гатовым; засмажыцца або абсмажыцца. Сала абсмажылася. Катлеты падсмажыліся.

падсма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што і чаго.

Прыгатаваць для яды смажаннем; засмажыць або абсмажыць. Падсмажыць яечню. Падсмажыць каўбасу. Падсмажыць грыбоў. □ Андрэй звяртаўся да дзяўчыны за нарадай, як падсмажыць катлету ці зварыць крупнік. Дуброўскі. [Зося:] — Учарашняя [бульба] асталася яшчэ. Падасце ім. [Бацька:] — Халодную? Вазьмі падсмаж на масле. Пальчэўскі.

падсма́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падсмаліць ​2.

2. у знач. прым. Злёгку абпалены агнём. Так я і хадзіў у падсмаленым шынялі, у абмотках, якія чамусьці заўсёды спаўзалі. Навуменка.

падсмалі́цца, ‑смалюся, ‑смалішся, ‑смаліцца; зак.

Злёгку абпаліць сабе агнём валасы, скуру і пад.

падсмалі́ць ​1, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак., што.

Памазаць, насыціць смалой у асобных месцах; насмаліць дадаткова, яшчэ трохі. Падсмаліць дно лодкі. □ [Васіль:] — Пачакай.. Зараз толькі нос [чоўна] падсмалю, недзе тутака цякло... Савіцкі.

падсмалі́ць ​2, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., каго-што.

Злёгку або дадаткова абпаліць агнём. Падсмаліць валасы. □ Стараючыся, каб як не падсмаліць вусоў, чалавек дакурвае да самых губ. Чорны. Стары перавярнуў кабанчыка дагары нагамі, каб добра падсмаліць падчаровак. Сабаленка.