Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кучара́віць, ‑раўлю, ‑равіш, ‑равіць; незак., каго-што.

Рабіць кучаравым. Кучаравіць валасы. □ Вецер, вецер гне калоссе, кучаравіць сенажаць... Машара.

кучара́вы, ‑ая, ‑ае.

Які завіваецца, з завіткамі (пра валасы). На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка. // З завітымі, закручанымі валасамі ці шэрсцю. Кучаравы хлопчык. Кучаравая галава. / Пра дым, туман, хмары. З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы. Журба. // перан. З густой пышнай кронай (пра дрэвы). Пахла і звінела пчаліным звонам алея маладога кучаравага ліпняку. Васілевіч.

ку́чары, ‑аў; адз. няма.

Разм. Кучаравыя або завітыя валасы. Маладая жанчына з прыгожым тварам, з белакурымі кучарамі, крыху напушчанымі на шыракаваты лоб, нечым прывабіла не старога яшчэ палкоўніка. Сабаленка.

ку́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да куча (у 1, 2 знач.); невялікая куча. Кучкі саломы з-пад камбайна.

2. Невялікая група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі. Кучка прыгнятальнікаў.

•••

Магутная кучка — група прагрэсіўных рускіх кампазітараў другой палавіны 19 ст. (Балакіраў, Барадзін, Кюі, Мусаргскі і Рымскі-Корсакаў), якія змагаліся за развіццё нацыянальнай музычнай культуры.

ку́чма, ‑ы, ж.

1. Тое, што і кучомка.

2. Пра пышныя, густыя валасы. Вузкі, прадаўгаваты твар [Бандарэнкі] зарос шчацінай, кучма цёмных валасоў на галаве як незавершаны стог. Навуменка. / Пра густую зелень. Лёгкі ветрык.. звінеў па зялёных кучмах стромкіх хвоек. Бядуля.

ку́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць кучнага. Кучнасць артылерыйскага агню.

ку́чны, ‑ая, ‑ае.

Які характарызуецца густым размяшчэннем на невялікай прастору. Кучныя ўсходы буракоў. Кучнае панаванне ў мішэнь.

кучо́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Шапка футрам наверх. На галаве — авечая кучомка, на плячах кажух. Лобан. — Ці бачыш што? — Не, так, нічога! — Гаворыць Костусь, а ў самога На лоб кучомка напаўзае... Колас.

куш, ‑а, м.

Разм.

1. Стаўка ў картачнай гульні.

2. Вялікая сума грошай. Круцкі разлічваў доўга жыць, зарабіць на важнай аперацыі вялікі куш, праславіцца ў «вольным свеце». Гамолка.

[Ад фр. couche — стаўка ў гульні.]

кушне́р, ‑няра, м.

Рамеснік, які вырабляе шкуры на футра і шые з футра.

[Польск. kuśnierz з ням.]