Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штурхану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да штурхаць.

штурхатня́, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і штурханіна. Шум і штурхатня ў невялікім пакоіку.. надакучылі Міхасю і Сяргею і прымушалі іх часта выходзіць на двор пакурыць. Сіўцоў.

шту́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Штурхаць каго‑н. А гэтае жарабятка ўжо на другі ці на трэці дзень свайго нараджэння пачынала хадзіць за Нямком, штурхацца мысаю ў спіну, браць у губы яго палец і смактаць. Кулакоўскі. // Штурхаць адзін аднаго. Спрасонку ўсе таўкліся, штурхаліся, тыцкаліся, як сляпыя. Грахоўскі. З Краснаярска адыходзіў параход. Штурхаўся, спяшаўся з клункамі народ. Шушкевіч.

2. перан. Разм. Знаходзіцца, быць дзе‑н. у цеснаце, таўкатні. Садзімся.. ў сваю машыну і едзем. Яно і добра. Не трэба ў тралейбусе штурхацца. Корбан. // Знаходзіцца, быць, бадзяцца дзе‑н. без асобага занятку, без мэты. І на другім «паверсе» Зіна таксама любіла штурхацца, прыцэньвацца да тавараў. Грамовіч. Ззаду ў нас пачуўся зычны вокліч: — Разыдзіцеся, грамадзяне! Няўжо ў вас спраў няма іншых, як штурхацца тут? Васілевіч.

3. Разм. Штурхаць што‑н. ці стукацца ў што‑н., імкнучыся прабіцца, пранікнуць куды‑н.

4. Зал. да штурхаць.

шту́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Кранацца каго‑, чаго‑н. рэзкім кароткім штуршком. — Цябе не пазнаць, — гаворыць Янка і ад радасці штурхае сябра. П. Ткачоў. Ганка адварочвалася і штурхала занадта стараннага хлопца ў грудзі. М. Стральцоў. // Нямоцным штуршком, дотыкам падаваць які‑н. знак, звяртаць увагу каго‑н. на што‑н. — Глядзі!.. глядзі!.. — штурхала сябровак Марфачка. Броўка.

2. Штуршком ці штуршкамі рухаць, перамяшчаць, прымушаць ісці куды‑н. Потым зноў узмах флажка, і паравоз штурхае новую групу вагонаў. Васілёнак. Сабраліся мужчыны і пад выгукі «раз, два — узялі!» штурхалі машыну. Дуброўскі. // перан. Прымушаць каго‑н. уступіць на той ці іншы шлях, развівацца ці дзейнічаць у тым ці іншым напрамку. Інстынкт самазахавання штурхаў яго на такі шлях, бо настаўнік быў упэўнены ў тым, што так ці іначай яму прыйдзецца мець дачыненне з начальствам і даваць тлумачэнне па сутнасці захопленага прыставам пратакола, а можа, адказваць і на запытанні следчага. Колас. Не пускалі яшчэ Андрэя з дому, але ўпёрся, паставіў на сваім, — не толькі патрэба зарабіць на хлеб штурхала яго ісці ў невядомае. Пестрак.

3. перан. З’яўляцца прычынай чаго‑н., натхняць на што‑н. Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Карпаў.

4. Спец. Трымаючы на ўзроўні плячэй, рэзкім моцным рухам паднімаць над сабой (штангу, гіру). Штурхаць штангу. // Штуршком кідаць наперад (звычайна ядро). Ты штурхаеш ядро, на трывалы апёршыся грунт, — Граюць мускулы, твар твой ружовей ранета! Хай да сонца ляціць, каб на столькі імклівых секунд Рух прыспешыла наша цяжкая плане та. Гаўрусёў.

штурха́ч, ‑а, м.

Спец.

1. Дэталь, прыстасаванне для падштурхоўвання чаго‑н. Штурхач клапана.

2. Дапаможны паравоз у хвасце поезда.

3. Спец. Буксірнае судна, якое штурханнем рухае баржы.

4. Разм. Чалавек, якому даручана паскорыць вырашэнне якой‑н. справы.

штурхе́ль,

Разм.

1. ‑хяля, м. Тое, што і штуршок. — Даволі вёрз, нахаба! — У грудзі даў штурхель. Лужанін.

2. выкл. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. штурхаць — штурхнуць і штурхацца. Старая, як купчыха, Старога ў бок штурхель. Барадулін. Пасажыраў сыходзіла нямнога. Гляджу, з апошняга вагона нясмела выйшаў смуглявы чалавек з чамаданам у руцэ, спыніўся і глянуў вакол. Мяне быццам хто штурхель у спіну: «Ён». Пальчэўскі.

штурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да штурхаць.

штуршо́к, ‑шка, м.

1. Кароткі, рэзкі дотык ці ўдар рухам ад сябе. Старшыня рэдкалегіі насценгазеты атрымаў ад суседа лёгкі штуршок у бок. Бядуля. Васіль моцным штуршком адапхнуў ад сябе Антося і прыўзняўся на левы локаць. Кулакоўскі. // звычайна мн. (штуршкі́, ‑оў). Біццё сэрца, пульсацыя крыві. Кроў штуршкамі біла ў скроні, туманіла свядомасць. Карпаў. — Заўтра ўстану і прыбягу сюды, — вырашыў Алежка і адразу адчуў, як гарачымі штуршкамі забілася сэрца, як забегалі па спіне халодныя дрыжыкі: весела і страшна стала яму. Вышынскі. // Рэзкае хістанне ў выніку ўдару, рыўка і пад. Падземныя штуршкі. □ Глухія штуршкі раз-пораз устрасаюць карабель. «Звязда». Ад рэзкага штуршка паляцяць з лавак пасажыры і чамаданы, не ўтрымаецца і жонка з дзіцем... Не, нельга спыняць састава! Васілёнак.

2. Рэзкі рух, якім адпіхваюцца ад чаго‑н. Штуршок ад трампліна. Штуршок ад берага. // Рэзкі рух уперад або ўгору; рывок. Андрэйка робіць моцны штуршок наперад, размахвае рукамі і то правым, то левым плячом сячэ цемру, і яна, як вада, расступаецца. Кавалёў.

3. Спец. Асобнае практыкаванне ў штурханні спартыўнага снарада. Па класічнаму трохбор’ю.. [Хальфін] набраў 305 кілаграмаў і ўстанавіў 2 рэкорды Беларусі — у рыўку дзвюма рукамі — 94,5 кілаграма і ў штуршку — 122,5 кілаграма. «Маладосць».

4. перан. Знешняе або ўнутранае пабуджэнне, што паскарае ці ўзмацняе якое‑н. дзеянне, служыць стымулам для развіцця чаго‑н. — А голад у дзевяностых гадах — .. быў штуршком да рэвалюцыйнага руху? — акрылілася Ліба. Гартны. Уздым патрыятычнай свядомасці беларускага народа.. даў моцны штуршок развіццю.. літаратуры. Барысенка.

штуф, ‑а, м.

У геалогіі — кавалак мінералу, руды, узяты ў якасці ўзору.

[Ням. Stufe.]

шту́цэр, ‑а, м.

1. Старажытная ваенная стрэльба з вінтавымі нарэзамі ў ствале. // Паляўнічая наразная стрэльба вялікага калібру.

2. Спец. Невялікі патрубак з вонкавай разьбой, які служыць для злучэння труб паміж сабой, для далучэння іх да рэзервуараў, пасудзін і пад.

[Ням. Stutzer.]