Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпа́тэль, ‑я, м.

1. Інструмент у выглядзе лапатачкі для накладвання і выраўноўвання шпаклёўкі (у 2 знач.).

2. Інструмент мастака-жывапісца, які мае выгляд лапатачкі з вельмі тонкай і гнуткай сталі для раўнамернага накладвання фарбы на палатно ці расцірання на палітры.

3. У медыцыне — інструмент у выглядзе лапатачкі, якім карыстаюцца пры хірургічных аперацыях, аглядзе зева і інш.

[Ням. Spatel.]

шпа́цыр, ‑у, м.

Прагулка на свежым паветры. Дні праз тры Таня вечарам, спаткаўшыся з Міхасём, ужо сама запрасіла яго на шпацыр да Дзвіны, і Міхась вярнуўся адтуль позна ўночы. Машара. Іра спадзявалася, што Алег кінецца да яе і яны ўдваіх пойдуць на вячэрні шпацыр. Сабаленка.

[Польск. spacer ад ням. spazieren.]

шпацырава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпацыраваць.

шпацырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Хадзіць на свежым паветры, адпачываючы; прагульвацца. Часта Паўлюк любіў шпацыраваць вечарамі па цяперашнім Купалаўскім скверыку. Русак. На праспекце ад Камсамольскай да Энгельса шпацыравалі купкі моладзі. Грамовіч. // Хадзіць не спяшаючыся, узад і ўперад. Садовіч і Янкавец шпацыравалі па пакоі і ціха аб чымсьці гутарылі. Колас.

шпа́цыя, ‑і, ж.

1. У друкарскай справе — металічны брусочак, які прымяняецца пры ручным наборы для запаўнення прабелаў паміж словамі, для павелічэння адлегласці паміж словамі, утварэння абзаца і пад.

2. У суднабудаванні — адлегласць паміж суседнімі бэлькамі набору корпуса судна.

[Ад лац. spatium — прастора, прамежак.]

шпачаня́ і шпачанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня шпака. Халадком патыхае вячэрнім... Сонна ціўкае шпачаня... Барадулін. Тады яго [язміну] й на свеце не было, Як шпачанят і гэтых пульхных хмарак, Калі цалялі каты проста ў лоб Бясстрашнага сівога камісара. Лось. // перан. Пра таго, хто не дасягнуў сталага ўзросту; пра нявопытнага, неспрактыкаванага чалавека. — Паспрабуй іх укласці, яны двойчы мяне самога прыспалі, шпакі гэтыя, — з пакоя выглянуў высокі поўны мужчына ў піжаме і жартаўліва крыкнуў на дзяцей: — Гэць, шпачаняты, спаць! Шамякін.

шпачы́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шпака, належыць яму. Запахла сіняе прылессе шпачыным пер’ем і раллёю. Вялюгін. Ля кожнага дома на доўгіх жэрдках або на дрэвах віднеліся шпачыныя хаткі. Чарнышэвіч. // Які складаецца са шпакоў. І няхай не да нашых прычалаў усход Прыязджае, наставіўшы ветразі алыя, Каб пачуць, як вясёлы шпачыны хор Прыгажосць свайго краю расхвальвае. Чэрня. Пад пошчак шпачыны вясёлы З матуляй я ўранні ўставаў. І. Калеснік. Калі яшчэ дажынкі — Зажынкаў не відаць. І вывадак шпачыны Не вучыцца лятаць. Голуб.

шпачы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Разм. Самка шпака. Стала ціха, Дужа ціха. Мы затоена сядзім, А ў раён наш са шпачыхай Завітаў шпачок адзін. Калачынскі.