чуллі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан чуллівага. І толькі дома, за сталом, калі выпіў другую чарку і стаў да слёзнасці добрым — чуллівасць да сына ўжо не ўмесцілася ў ім, — і Даніла не вытрымаў, устаў з месца і працягнуў цераз стол Сцяпану руку: — Здароў яшчэ раз, сын! Капыловіч. Беларускай песеннай творчасцю некаторыя захапляліся шчыра, адчуваючы яе хараство, далікатную чуллівасць, паэтычнасць. «Полымя».
чуллі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны ўспрымаць знешнія, фізічныя раздражненні. Чуллівыя нервы. // Які вызначаецца хваравіта павышанай здольнасцю ўспрымаць раздражненні. Адно вядома, што хвароба вельмі небяспечная, яна падкралася да самага чуллівага аргана — да мазгоў. Васілёнак. — У гэтых дваццаці яблынь мы наўмысна затрымліваем цвіценне, яны вельмі чуллівыя да замаразкаў. Стаховіч.
2. Кранальны, сардэчны, здольны выклікаць замілаванне, добрае пачуццё. Мы добра ведаем з біяграфіі У. І. Леніна аб яго вымушанай эміграцыі за мяжу, ведаем аб той чуллівай апошняй сустрэчы Уладзіміра Ільіча з маці ў Стакгольме. «ЛіМ». Вечарамі баян з пералівамі Ціха шэпча песні чуллівыя. Бураўкін.
3. Здольны тонка адчуваць, востра рэагаваць. На душы ў паэта, чуллівай заўжды, Кожны імпульс жыцця адгукнецца. Сэрца плача, смяецца, а трэба — тады І крывёю гарачай зальецца. А. Астапенка. Ад чуллівага дзіцячага сэрца не схаваеш фальшы. Краўчанка. Людзі з цяжкім лёсам ад гора не чарсцвеюць, а робяцца чуллівымі, вельмі спагадлівымі. Грахоўскі.
чу́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Уважлівы, спагадлівы; добразычлівы. Дзеці вельмі любілі сваю класную настаўніцу — чулую, добрую жанчыну. Няхай. [Бацька] быў чулы чалавек і не ўспомніў сыну ў гэты дзень тое, пра што ўжо раней было дагаворана з ім: трэба ісці з дому шукаць работы. Чорны. // Які сведчыць пра ўважлівасць, спагадлівасць да людзей. Стары Несцер, абапёршыся на кій, стаў на жоўты пясок каля магілы і чулымі, простымі словамі, па-бацькоўску пашкадаваў Алесю. Пестрак. Яшчэ да болю закране Душу гарачы позірк чулы. Тарас. // Сардэчны, цёплы. Адносіны [Веры Антонаўны] да бацькоў, здаецца, былі больш цёплыя, чулыя. Карпаў.
2. Які жыва, востра ўспрымае жыццёвыя з’явы; уражлівы. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Балела і збітае бізуном і розгамі цела, і чулая да людскога гора .. душа [Базылька]. Якімовіч. // Які хутка рэагуе на якія‑н. з’явы, дзеянні, востра ўспрымае акаляючае. Народная мова сама вельмі чулая да тых змен, якія адбываюцца ў жыцці грамадства, і спагадліва адгукаецца на гэтыя змены. Юрэвіч.
3. Які тонка, лёгка ўспрымае што‑н. органамі пачуццяў. Нястройны гул і смех, і млявы голас скрыпак Мой чулы слых ахутваюць ватай. Панчанка. Чулае салдатава вуха ўлавіла, што і за дзвярыма нехта адмервае крокі. Сабаленка.
4. Які хутка адзываецца, адказвае на ўздзеянне, раздражненне (гук, датыканне і пад.). Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Мускулы твару вельмі рухлівыя, чулыя і кожную хвіліну мяняюць выраз. Бядуля.
чум, ‑а, м.
Лёгкае пераноснае жыллё конусападобнай формы ў некаторых народаў Паўночна-Усходняй Еўропы і Сібіры, якое зроблена з жэрдак, абцягнутых скурамі жывёл. У круглым чуме, куды прывялі нас бацькі Івана, сапраўды было светла, чыста і ўтульна. Рамановіч.
[Комі.]
чума́, ‑ы, ж.
1. Вострая інфекцыйная хвароба, якая часта пашыраецца ў форме эпідэміі. А ў 1510 годзе на гарадок навалілася была страшэнная пошасць чумы. Лобан. А што, каб на свет нарадзіліся мы У стагоддзях да нашае эры У змрочнай паўдзікай пячоры На літасць звяроў і чумы? Чэрня. // Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. Ажно ўзмаліўся барадаты [казёл]: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаватыя... Няхай на іх чума і мор! Валасевіч.
2. перан. Пра вельмі небяспечную, згубную грамадскую, сацыяльную з’яву. [Глінскі:] Усё цягне мяне паглядзець, упэўніцца, сапраўды ўжо адхлынула ад нас гэтая чума-навала, назусім ужо ці яшчэ толькі да часу? Кулакоўскі. Мы павінны тут, у глыбокім тыле фашыстаў, рабіць усё, .. каб хутчэй знішчыць праклятую карычневую чуму, ад якой пакутуе столькі людзей. Даніленка.
чума́к, ‑а, м.
Уст. На Украіне ў 15–19 стст. — вазак і гандляр, які перавозіў на валах соль, рыбу і іншыя тавары. Стары Гарпішчанка ўспамінае сваіх прадзедаў-чумакоў. Юрэвіч.
чумакава́нне, ‑я, н.
Уст. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чумакаваць.
чумакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Уст. Займацца чумацкім промыслам, быць чумаком.
чума́цкі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да чумака. У вянку лясным высока стаў .. [Кабзар] над магілай, над вякамі страшнай крыўды, над чумацкай доляй. Вялюгін. Млечны Шлях — чумацкі шлях, сцвярджаў нам не раз Грэчка. Няхай.