Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уштурхо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уштурхнуцца.

2. Зал. да уштурхоўваць.

уштурхо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уштурхнуць.

ушу́шканы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ушушкаць.

ушу́шкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Цёпла адзецца, ухутацца. У вестыбюлі, ушушкаўшыся ў доўгі для верасня кажух, дрэмле на крэсле.. вартаўніца цётка Ульяна. Ракітны.

ушу́шкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Цёпла адзець, ухутаць. Ушушкаць дзіця.

ушу́шквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ушушкацца.

2. Зал. да ушушкваць.

ушу́шкваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ушушкаць.

ушчамі́цца, ушчамлюся, ушчэмішся, ушчэміцца; зак.

1. Аказацца заціснутым, сціснутым з двух бакоў; зашчаміцца. [Свіння] то ўшчэміцца ў плот, то ўлезе ў шкоду, то раптам выпрастаецца на дарозе і імчыцца нема-ведама куды. Чарнышэвіч. Левая нага мая ушчамілася паміж бярозак. Жычка. // Уціснуцца, усунуцца; прымасціцца дзе‑н. [Ірма:] — Ведаю, цябе зноў цягне мора. Але сёння пасля шторму, там [на пляжы] з лежаком не ўшчэмішся. Карамазаў. Ніхто ў цягніку не спаў. Нават тых, каму пашэнціла ўшчаміцца і расцягнуцца на верхніх паліцах, не браў сон. Грахоўскі.

2. Трапіць куды‑н., апынуцца ў цяжкім становішчы. [Шабета:] — К[о]жны, як толькі ў пастку ўшчэміцца, авечкай стаць хоча... Мележ. // перан. Уладкавацца на работу. — Хваліўся [Покат] мне, — падхапіў Галаўня, — што быў на Урале, у шахце. І адтуль, відаць, выкурылі. Цяпер да нас хацеў ушчаміцца. Гроднеў.

ушчамі́ць, ушчамлю, ушчэміш, ушчэміць; зак., каго-што.

1. Заціснуць, сціснуць з двух бакоў; зашчаміць. Ушчаміць палец. □ [Сабака] кідаўся на вароты, на шчыльныя веснічкі, і ўжо не брахаў, а сычэў, нібы яму хвост ушчамілі. Сабаленка. // Сціснуць у клюшні, ушчыпнуць. Страшны рак быў, грозны рак, Як ушчэміць — будзе знак. Колас. // Уціснуць, усунуць паміж чаго‑н. Каб дзікі звер не нішчыў пасеваў, яшчэ пры цары павялося гарадзіць ад лесу поле такім густым частаколам, што парася галаву не ўшчаміла б. Карпюк.

2. Разм. Запрэгчы. Тады Даніла Шчупак ушчаміў у аглоблі Мышака і выехаў у Луцішчы на кірмаш. Баранавых. [Бацька:] — От ушчаміў коніка і прывёз воз галля. Ракітны. А калі надышоў адвячорак і пасыпаліся фурманкі на Заброддзе, не сцярпеў Верамейчык: ушчаміў кабылу ў аглоблі і па хвасце — услед за людзьмі. Крапіва.

3. перан. Абмежаваць (чые‑н. магчымасці, правы і пад.). Ушчаміць у правах. Ушчаміць самалюбства. // Паставіць у няёмкае становішча. І змоўклі ўсе адразу ў хаце: Як адказаць? З чаго пачаці? — Ага! — Тут хлопцы падхапілі: — Цяпер і мы вас ушчамілі. Колас.

•••

Ушчаміць хвост каму — абмежаваць свабоду дзеяння, учынкаў каго‑н.; паставіць у нязручнае або нявыгаднае становішча.

ушчамле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ушчамляць — ушчаміць.