Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

учыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да учыніць.

учыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Паглыбіцца ў чытанне, унікнуць у змест, сэнс напісанага. Дастала [Ганна] газету з сумкі, але ўчытацца не паспела: пачула знаёмую назву — Есяновікі... Аж сэрца замерла.. Хто тут яе зямляк. Лось. Учытаўся я [у кніжку баек Кандрата Крапівы] і ўсцешыўся вялікім адкрыццём: ага, можна пісаць пра ўсё, што адбываецца ў жыцці людзей, у жыцці вёскі. Бялевіч.

учы́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да учытацца.

учэ́пістасць, ‑і, ж.

Уласцівасць учэпістага. Учэпістасць рук. Учэпістасць памяці. Гаспадарская ўчэпістасць. □ Заслугоўваюць сваёй славы непараўнальных верхалазаў нашы мурашкі, вавёркі, куніцы, соні, яноты-паласкуны, а часткова таксама рысі і мядзведзі. Калі птушак ад падзення ўтрымаюць крылы, а павукоў — павуціна, то гэтым лясным акрабатам даводзіцца разлічваць толькі на сваю ўчэпістасць, сілу, дакладнасць і хуткасць. Самусенка.

учэпістахво́стыя, ‑ых.

Сямейства шыраканосых малпаў.

учэ́пісты, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны чапляцца, хапацца і моцна трымацца за каго‑, што‑н. Учэпістыя кіпцюры. □ На вяршынях дрэў і кустах павісла ўчэпістае павуцінне. Даніленка. У жылістых, учэпістых руках старога ўгадвалася немалая сіла. Васілёнак.

2. перан. Які хутка падмячае, добра запамінае што‑н. (пра погляд, памяць, розум і пад.). [Камандзір] акінуў Якімку кароткім учэпістым позіркам і спытаў: — У атрад, значыць, прыйшоў? Ваяваць? Курто. Палкоўнік нахіліўся над картай і паўтарыў усё, што расказаў Мікола. Памяць у чалавека была на дзіва ўчэпістая — нічога не прапусціў. Новікаў.

3. перан. Які ўмее прыстасавацца да чаго‑н. і выкарыстаць для сябе; які настойліва дабіваецца сваёй мэты. Фёдар адразу развінуў бурную дзейнасць. Ён паказаў сябе чалавекам напорыстым і ўчэпістым. Кірэенка. [Фрунзе:] — Яна [Насця] ўчэпістая... верхаводзіць у гімназіі... Гурскі.

учэ́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да учапіцца (у 1, 2 знач.).

учэ́рчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад учарціць.

учэ́рчванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. учэрчваць — учарціць.

учэ́рчвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да учэрчваць.